Пасол ЗША: Крызіс у Беларусі толькі паглыбляецца, яе ізаляцыя ўзмацняецца
Пра паглыбленне крызісу ў Беларусі заявіла пасол ЗША Джулі Фішэр.
Сваю ацэнку падзеям у краіне дыпламат, якая з-за адсутнасці беларускай візы выконвае свае функцыі за мяжой, дала ў твіты з нагоды гадавіны вымушанай эміграцыі аднаго з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Валерыя Цапкалы.
„Год таму прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду Валерый Цапкала быў вымушаны бегчы з Беларусі. З-за мяжы Валерый і тысячы яго суграмадзян працягваюць барацьбу за тое, каб іх галасы былі пачутыя. Хаця многія з найлепшых у Беларусі застаюцца ў выгнанні або за кратамі, крызіс толькі паглыбляецца, а ізаляцыя толькі ўзмацняецца”, — адзначыла Фішэр.
Цапкала, якому Цэнтрвыбаркам адмовіў у рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты з-за недастатковай колькасці сабраных у яго падтрымку подпісаў (здаў 158.682, прызнаныя сапраўднымі 78.224 пры парозе 100.000), пакінуў краіну разам з дзецьмі 24 ліпеня мінулага года. За месяц да гэтага, 18 чэрвеня, быў арыштаваны яшчэ адзін прэтэндэнт на пасаду кіраўніка дзяржавы Віктар Бабарыка (атрымаў 14 гадоў пазбаўлення волі), 29 мая за краты быў адпраўлены ўдзельнік прэзідэнцкай гонкі Сяргей Ціханоўскі (суд не завяршыўся).