Пасольства Беларусі адказала на заявы кіраўніка МЗС Літвы наконт БелАЭС
Пасольства Беларусі ў Літве выступіла з заявай у сувязі з інтэрв’ю міністра замежных спраў Літвы Лінаса Лінкявічуса беларускаму інфармацыйнаму парталу TUT.BY.
„У адрозненне ад кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Літвы беларускі бок разглядае беларуска-літоўскія адносіны комплексна, у іх тэма будаўніцтва БелАЭС з’яўляецца адным з элементаў, няхай і тым, па якім у нас ёсць сур’ёзныя разыходжанні”, – гаворыцца ў заяве пасольства. У дыпмісіі падкрэслілі, што Беларусь і Літва – суседзі. „У нас шырокая сфера ўзаемадзеяння, тавараабарот паміж дзвюма краінамі павялічваецца, рэалізуецца шэраг цікавых праектаў у сферах будаўніцтва, рознічнага гандлю, дрэваапрацоўкі, сельскай гаспадаркі, развіцця транспартна-лагістычнай сеткі”, – адзначылі там.
„Мы ўдзячныя літоўскаму боку за „клопат” аб бяспецы БелАЭС. Але яе будаўніцтва, якое мы плануем завяршыць у адпаведнасці з тэрмінамі, суверэннае права любой краіны – як Беларусі, так і краіны – члена ЕЗ, – звярнулі ўвагу ў пасольстве. – Называючы БелАЭС „элементам, наконт якога мы, напэўна, так і не дамовімся”, кіраўнік МЗС Літвы публічна адмаўляе такую магчымасць і апрыёры выключае гэту тэму з абмеркавання. Магчыма, прычына ў няправільнай трактоўцы літоўскім бокам самой сутнасці дыялогу? Мы ўсё ж такі зыходзім з таго, што дыялог – гэта размова, накіраваная на пошук рашэння, а не патрабаванне „слухаць” аргументы толькі аднаго боку”.
На думку беларускага боку, у прытрымліванні не зусім дыпламатычых падыходаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Літвы ставіць пад сумненне нават меркаванне і аўтарытэт МАГАТЭ – адзінай кампетэнтнай міжнароднай арганізацыі па гэтых пытаннях. „І, вядома, не могуць не выклікаць заклапочанасці словы кіраўніка МЗС: „пытанне Астравецкай АЭС не дапамагае дыялогу [Беларусі з ЕЗ]”. Сумна, што міністр Лінкявічус публічна ўвязвае тэму БелАЭС з развіццём беларуска-еўрапейскіх адносін. Гэта недальнабачны падыход. Станцыя будзе пабудавана, Беларусь і ЕЗ застануцца суседзямі, якім жыццёва неабходна развіваць узаемадзеянне па розных напрамках, – упэўнены ў дыпмісіі. – Словы пра „астаткі суверэнітэту” мы пакінем на сумленні кіраўніка МЗС Літвы, паколькі каменціраваць неадэкватныя рэальнаму стану спраў і разумнаму сэнсу заявы няма неабходнасці”.
У пасольстве Беларусі прапанавалі кіраўніцтву літоўскага знешнепалітычнага ведамства адысці ад жадання выкарыстоўваць кан’юнктуру моманту ва ўласных мэтах, а выбудоўваць нармальныя добрасуседскія адносіны на доўгатэрміновую перспектыву.