Пасольства Польшчы: Латушка ўехаў у краіну легальна
Член прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі (КР) Павел Латушка 2 верасня прыбыў у Польшчу па запрашэнні арганізатараў штогадовага эканамічнага форуму ў горадзе Крыніца-Здруй. Аб гэтым сказана ў заяве, якую распаўсюдзіла польскае пасольства ў Мінску.
„У сувязі з інфармацыяй у некаторых афіцыйных СМІ Беларусі аб незаконных дзеяннях пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, накіраваных на транспарціроўку Паўла Латушкі праз польска-беларускую мяжу, паведамляем, што гэта не так”, — гаворыцца ў заяве.
Дыпмісія падкрэслівае, што Латушка перасек мяжу легальна.
„Любыя інсінуацыі аб незаконных дзеяннях польскай дыпмісіі для нас незразумелыя і немэтазгодныя, — гаворыцца ў заяве. — Гэта спроба перакласці адказнасць на Польшчу за няздольнасць беларускіх уладаў наладзіць дыялог са сваім грамадствам. Польшча нязменна лічыла, што такі дыялог — адзіны спосаб забяспечыць стабільнае развіццё незалежнай, суверэннай, дэмакратычнай і паспяховай Беларусі”.
Як паведамлялася, сёння раніцай экс-міністр культуры, былы пасол у Францыі і былы дырэктар Купалаўскага тэатра Павел Латушка выехаў у Польшчу. У эфіры навін тэлеканала ОНТ было сказана, што яго нібыта вывезлі ў багажніку аўтамабіля пасла.
„Тая інфармацыя, якая была дадзеная аб маім уездзе [на тэрыторыю Польшчы] у багажніку аўтамабіля, — абсалютная хлусня. На жаль, гэтым улада карыстаецца ў апошні час проста без перапынку. Я афіцыйна без усякіх перашкод перасек мяжу на памежным пераходзе „Баброўнікі — Бераставіца”, аб чым маю адпаведную адзнаку ў пашпарце”, — сказаў Латушка ў каментары БелаПАН некалькі гадзін таму.
Паводле слоў экс-дыпламата, у Варшаве ў яго запланаваныя сустрэчы ва ўрадзе Польшчы, Міністэрстве замежных спраў і сейме, а таксама з прадстаўнікамі беларускай дыяспары. На гэтых сустрэчах ён прадставіць „пазіцыю Каардынацыйнай рады па вырашэнні ўнутрыпалітычнага крызісу” ў Беларусі. Затым Латушка плануе правесці сустрэчы ў Вільнюсе — з прадстаўнікамі МЗС Літвы, дэпутатамі сейма і Еўрапарламента.
Каардынацыйная рада па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне створаная з ініцыятывы Святланы Ціханоўскай, якая знаходзіцца ў Літве. Першае яе пасяджэнне прайшло 19 жніўня. На наступны дзень Генпракуратура паведаміла, што па факце стварэння і дзейнасці КР распачатая справа паводле арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы).
На допыты ў Следчы камітэт па гэтай крымінальнай справе былі выкліканыя члены прэзідыума КР: юрыст Максім Знак, лідар страйкама МТЗ Сяргей Дылеўскі, міжнародны медыятар Лілія Уласава, Павел Латушка, нобелеўскі лаўрэат па літаратуры Святлана Алексіевіч, каардынатар перадвыбарнага штаба Віктара Бабарыкі і паплечніца Святланы Ціханоўскай Марыя Калеснікава, прэс-сакратар КР Антон Раднянкоў, выканаўчы сакратар Іван Краўцоў, а таксама кіраўнік руху „За Свабоду” Юрый Губарэвіч.
31 жніўня супрацоўнікі дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю затрымалі Лілію Уласаву, у яе кватэры прайшоў вобшук.
Два члены прэзідыума рады — Сяргей Дылеўскі і давераная асоба Святланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова — знаходзяцца ў ІЧУ ў Жодзіне, дзе адбываюць 10-сутачны адміністрацыйны арышт па абвінавачанні ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Яны былі затрыманыя раніцай 24 жніўня каля прахадной МТЗ.
28 жніўня невядомымі быў затрыманы член Каардынацыйнай рады, а таксама каардынатар штаба былога прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі Віталь Крыўко.
Згодна з рэзалюцыяй КР, яна ставіць сваёй мэтай не змену канстытуцыйнага ладу, а выхад з палітычнага крызісу, які склаўся ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, і забеспячэнне згоды ў грамадстве на аснове Канстытуцыі.
belapan.by