Пасольства ЗША падтрымала арыштаванага галоўнага рэдактара „Нашай Нівы”



Пасольства ЗША ў Менску публічна падтрымала арыштаванага рэдактара „Нашай Нівы” Ягора Марціновіча.

„Гісторыя дэмакратычнай Беларусі будзе ўключаць у сябе гераічную пазіцыю рэдактара „Нашай Нівы” Ягора Марціновіча: арыштаваны за журналістыку, зноў затрыманы, калі павінен быў быць вызвалены, зазнаў жорсткае абыходжанне ў турме. Гісторыя таксама запомніць непрывабныя імёны яго прыгнятальнікаў”, — гаворыцца ў каментары дыпмісіі ў „Твітэры”.

Марціновіч быў затрыманы 8 ліпеня паводле падазрэння ва ўчыненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Падчас допыту ў Следчым камітэце яму выклікалі хуткую дапамогу. Паводле звестак рэдакцыі, яе кіраўнік быў збіты і атрымаў траўму галавы. На працягу 10 сутак Марціновічу не выставілі абвінавачванне па гэтым артыкуле, але не вызвалілі, а вылучылі падазрэнне паводле ч. 2 арт. 216 КК (прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу): рэдакцыя быццам бы аплачвала камунальныя паслугі па тарыфах для фізічных, а не юрыдычных асоб, у выніку ўтварыўся доўг у 3.500 рублёў.

Разам з Марціновічам былі затрыманыя галоўны рэдактар выдаваных „НН” гістарычнага і двух дзіцячых часопісаў Андрэй Дынько і кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко. У іх аналагічная гісторыя выстаўлення падазрэнняў. 8 ліпеня затрымлівалі таксама бухгалтара „НН” Вольгу Раковіч, але 16 ліпеня яе вызвалілі.

БелаПАН