Пасольства ЗША рэзка пракаментавала прысуд Латыпаву



 „Яшчэ адным прыкладам жахлівай жорсткасці рэжыму Лукашэнкі” назвало пасольства ЗША ў Менску прысуд Сцяпану Латыпаву.

У каментары дыппрадстаўніцтва адзначаецца, што восем з паловай гадоў пазбаўлення волі актывіст атрымаў за раздачу кветак на акцыях пратэсту, пры гэтым пагроза доўгага турэмнага тэрміну „даводзіла яго да роспачы”. „Свет сочыць” — такімі словамі завяршаецца каментар.

16 жніўня суд Савецкага раёна Менска прыгаварыў прызнанага палітвязнем Сцяпана Латыпава да васьмі з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў 300 базавых велічынь (8.700 рублёў). Суддзя Аляксандр Воўк прызнаў Латыпава вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак); ч. 2 арт. 363 (супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў); ч. 4 арт. 209 (махлярства ў асабліва буйным памеры).

Латыпаў не прызнаў сваю віну ні па адным з выстаўленых абвінавачванняў.

12 жніўня ён выступіў у судзе з апошнім словам, у якім распавёў пра сваю сям’ю, рэпрэсаванага ў 1937 годзе прадзеда, пра сваё затрыманне, пра збіццё яго сілавікамі, а таксама пра тое, як рыхтаваўся да самагубства і чаго чакае ад прысуду. Латыпаў распавёў, што падчас затрымання людзі ў масках занеслі яго ў мікрааўтобус, звязалі рукі за спінай, надзелі на галаву поліэтыленавы пакет для смецця, па дарозе двойчы перасаджвалі з аўтобуса ў аўтобус.

„Потым яны мяне збівалі, уключылі радыё на ўсю гучнасць і пачалі мяне біць. Ніколі ў жыцці мне не было так страшна. Людзі ў масках білі рукамі, нагамі, дубінкамі. Усе гуртам і па адным. Выкручвалі рукі, ногі за спінай, „ластаўкай”, збівалі кулакамі і далонямі па вушах так, каб у галаве нібы выбухала граната. Білі дубінкай па ягадзіцах, білі так, каб сіняка не заставалася. Але абапірацца я не мог яшчэ тры тыдні. Нядаўна пачуў такі тэрмін „міжмышачная гематома”, магчыма, гэта была яна. Я крычаў, задыхаючыся ў чорным пакеце, а яны смяяліся. Казалі: „Вучым алфавіт. Цяпер пытаем літару А і пачнем вучыць Б”. Казалі: „Не крычы, твая Ціханоўская не пачуе”. Але я працягваў крычаць. Я крычаў і думаў: вельмі добра, што ўзялі мяне, мала хто з суседзяў у Беларусі вытрымае гэта”, — сказаў ён.

Таксама Латыпаў паведаміў, што пачаў рыхтавацца да самагубства адразу пасля першага допыту.

Латыпаў быў затрыманы 15 верасня 2020 года ў двары свайго дома на вуліцы Чарвякова, на „плошчы Перамен”, дзе раней вывешвалі бел-чырвона-белыя сцягі, а на вентыляцыйнай будцы малявалі двух дыджэяў, якія ўключылі песню Віктара Цоя „Перамен” 6 жніўня на афіцыйным мерапрыемстве ў Кіеўскім скверы.

Паводле абвінавачання, Латыпаў аказаў актыўны супраціў супрацоўнікам міліцыі, спалучаны з гвалтам. Пацярпелымі прызнаныя трое міліцыянераў.

Латыпаў быў дырэктарам і бухгалтарам прадпрыемства „Беларба”, якое займаецца знішчэннем непажаданых раслін. Згодна з версіяй абвінавачання, з красавіка 2019 да верасня 2020 года Латыпаў „пад выглядам ажыццяўлення законнай дзейнасці, шляхам падману і ўвядзення ў зман завалодаў грашовымі сродкамі не менш як 16 юрыдычных асоб на агульную суму большую за 123 тысячы рублёў”. Махлярства, паводле версіі дзяржабвінавачання, было ў тым, што Латыпаў заключаў дагаворы на апрацоўку плошчаў ад баршчэўніка Сасноўскага ў розных раёнах Беларусі, але плошчы або не апрацоўваліся, або апрацоўваліся забароненымі ў краіне хімічным рэчывамі, „ствараючы бачнасць выкананых паслуг”. За замову Латыпаў атрымліваў ад дзвюх да сямі тысяч рублёў.

Працэс па справе Латыпава пачаўся 1 чэрвеня. У гэты дзень пасля паказанняў бацькі Сяргея Латыпава абвінавачваны заявіў, што да яго прыходзілі з галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС (ГУБАЗіК) і папярэдзілі: калі ён не пагодзіцца з абвінавачаннем, праблемы будуць не толькі ў яго, але і ва ўсёй сям’і. Затым Сцяпан Латыпаў устаў на лаву ў клетцы, дастаў востры прадмет і ўсадзіў яго сабе ў горла, пасля чаго страціў прытомнасць і ўпаў.

З суда абвінавачванага даставілі ў хірургічнае аддзяленне Менскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, дзе аказалі дапамогу, а ў ноч на 2 чэрвеня завезлі ў медсанчасць СІЗА № 1. На пасяджэнні 10 чэрвеня суд прызначыў Латыпаву паўторную стацыянарную экспертызу. Яе вынікі былі прадстаўленыя на пасяджэнні 27 ліпеня. Латыпаў прызнаны здаровым.

belapan.by