Пасольства ЗША ў Беларусі пашырыла колькасць консульскіх паслуг

Акрамя гэтага, па візу змогуць звяртацца тыя, у каго тэрмін дзеяння амерыканскай візы любой катэгорыі скончыўся менш як год таму.
„Пашырэнне консульскіх паслуг з’яўляецца часткай нашай дзейнасці па ўмацаванні амерыкана-беларускіх адносінаў шляхам аблягчэння кантактаў паміж людзьмі. Мы працуем над пашырэннем магчымасцяў консульскага аддзела і плануем павялічыць колькасць візавых паслуг найбліжэйшым часам„, — гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, колькасць супрацоўнікаў пасольства ЗША ў Менску была скарочаная па патрабаванні беларускага боку ў сакавіку 2008 года пасля ўвядзення Злучанымі Штатамі санкцый у дачыненні да дзяржканцэрна „Белнафтахім” у сувязі з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі. Неўзабаве пасля гэтага пасол Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў быў адкліканы з Вашынгтона для кансультацый, а Менск па патрабаванні беларускага боку пакінула пасол Карэн Сцюарт. З тых часоў амерыканскую місію ў Менску ўзначальваюць часовыя павераныя.
Дыпламатычны штат пасольства быў скарочаны з 35 да 5 чалавек. У сувязі з гэтым быў скарочаны пералік консульскіх паслуг, якія яно аказвала беларускім грамадзянам.
Беларускія грамадзяне вымушаныя звяртацца па візы ў консульскія аддзяленні пасольстваў ЗША ў Маскве, Варшаве, Кіеве і Вільні.
У 2014 годзе пасольства аднавіла выдачу віз некаторым катэгорыям грамадзян — студэнтам, удзельнікам праграм абмену, людзям старэйшым за 70 гадоў і тым, у каго раней была амерыканская віза.
