Пасольства ЗША ў РФ больш не будзе прымаць заявы на візы ад беларусаў



Пасольства ЗША ў Маскве і амерыканскае консульства ў Санкт-Пецярбургу спыняюць выдачу неіміграцыйных віз грамадзянам Беларусі, паведамляе сайт пасольства Злучаных Штатаў Амерыкі ў Расейскай Федэрацыі.

\

Змены ў працы пасольства і консульстваў у Расеі, гаворыцца ў паведамленні, уводзяцца з-за прынятых расейскімі ўладамі мер па абмежаванні колькасці супрацоўнікаў дыпламатычнай місіі на тэрыторыі РФ.

Так, 23 жніўня консульства ЗША ў Санкт-Пецярбургу, Екацярынбурзе і ва Уладзівастоку спыняць выдачу неіміграцыйных віз на няпэўны тэрмін. Пазней гэтую працэдуру адновяць, але ў значна скарочаным аб’ёме. З 1 верасня сумоўі для атрымання амерыканскіх неіміграцыйных віз стануць праводзіць толькі ў Маскве.

Пры гэтым цалкам спынены прыём заяў на атрыманне амерыканскіх неіміграцыйных віз ад грамадзян Беларусі ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. Беларусам рэкамендуюць звяртацца ў пасольствы ЗША ў Варшаве, Кіеве ці Вільнюсе.

Пасольства ЗША ў Маскве адмовілася паведамляць, колькі беларусаў да іх звяртаюцца і якія тыпы віз запытваюць. Удакладніць гэтую інфармацыю ў амерыканскім пасольстве ў Мінску таксама пакуль не ўдалося.

На сайце пасольства ЗША ў Беларусі гаворыцца, што грамадзяне краіны могуць падаць заяву ў мінскае дыппрадстаўніцтва, толькі калі яны прэтэндуюць на неіміграцыйную візу і звяртаюцца першы раз. Да неіміграцыйных адносяцца: дыпламатычныя, студэнцкія візы, візы для артыстаў, спартсменаў і людзей з выдатнымі здольнасцямі; візы наведвальнікаў па абмене і для гасцей дыппрадстаўніцтваў; для ўдзелу ў паездках і праграмах па лініі ўрада ЗША; для асоб старэйшых за 70 гадоў з мэтай турызму, наведвання сяброў і сваякоў.

belapan.com