Паспяховая палітычная кампанія – вяртанне да „адзінага кандыдата”
Гомельскія дэмакраты вызначаюцца з фарматам удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2020 года.
Адзін з кіраўнікоў мясцовай апазіцыі Уладзімір Кацора перакананы, што шанцам на паспяховую палітычную кампанію з’яўляецца вяртанне да стратэгіі «адзіны кандыдат»:
– Хто чытае падручнікі па паліталогіі ведае, што персаналісцкі аўтарытарны рэжым можа толькі быць зменены шляхам ціску. Мы спрабавалі ў 2006 годзе прайсці варыянт перакуленых выбараў праз плошчу. І ў прынцыпе – гэта больш-менш нармальны легітымны варыянт. Але для гэтага трэба, каб быў адзіны кандыдат.
Прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Новікаў гаворыць пра крытэры адбору «адзінага кандыдата» ад дэмакратычнай апазіцыі:
– Мы павінны шукаць лідараў не нейкіх вузкапартыйных, не левых-правых. Нам патрэбны лідар, які гатовы ўзяць на сябе ролю ў вырашэнні гэтых праблемаў, якія зараз стаяць. Гэта праблема – Беларусь без Лукашэнка, праблема незалежнасці і суверэнітэту, гэта праблема рэформаў без расейскіх падачак, каб мы жылі.
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, згодна заявам старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, маюць адбыцца ў канцы жніўня 2020 года. Аднак канчаткова пра дату выбараў стане вядома падчас веснавой сесіі новага складу Палаты прадстаўнікоў.
Беларускае Радыё Рацыя