Пастанова Сойму БНФ аб стаўленні да будучых мясцовых выбараў



Сойм Партыі БНФ, які адбыўся 15 траўня, разгледзеў пытанне падрыхтоўкі партыі да маючых адбыцца да студзеня наступнага года выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў дэпутатаў 29-га склікання. Па выніках абмеркавання з удзелам прадстаўнікоў рэгіянальных партыйных структураў сойм прыняў пастанову, у якой адзначаецца, што правядзенне выбараў можа стаць сродкам спынення вострага грамадска-палітычнага крызісу, у якім цяпер апынулася Беларусь.

Пастанова Сойму Партыі БНФ 15 траўня 2021 году

Мясцовыя выбары – шанец для спынення супрацьстаяння ў краіне

Да канца 2021 года ў Беларусі павінны быць прызначаныя чарговыя выбары дэпутатаў мясцовых саветаў дэпутатаў (XXIX склікання). Гэтым разам выбары мясцовых органаў улады маюць шанец зрабіцца крокам да цывілізаванага дыялогу паміж бакамі цяперашняга супрацьстаяння, што паставіла Беларусь у стан вострага і шматбаковага крызісу. Альбо, у выпадку правядзення мясцовай кампаніі ў звыклым адміністрацыйна-камандным ды імітацыйным рэжыме, выбары могуць стаць новым штуршком да разбурэння беларускай дзяржаўнасці, пагрозы якога цяпер відавочныя.

Выбары – гэта цывілізаваны спосаб вырашэння палітычных спрэчак, разумны і бяспечны для дзяржавы шлях абнаўлення і развіцця, вызначэння рацыянальнага і прынятага грамадствам палітычнага курсу.  Гвалт і рэпрэсіі, расчалавечванне палітычных апанентаў і абвяшчэнне іх па-за законам, чым цяпер карыстаюцца дзеючыя ўлады – шлях згубны не толькі для ўдзельнікаў супрацьстаяння, але і для самой палітычнай сістэмы краіны. Цяпер на нашых вачах прававы нігілізм і санкцыянаваны ўладамі палітычны гвалт абарочваецца поўным разбурэннем канстытуцыйных падмуркаў дзяржавы.

Бягучы крызіс быў распачаты чарговай спробай падману людзей на маніпулятыўных і цалкам кантраляваных адміністрацыяй “выбарах” у 2020 годзе, што пацягнула за сабой разгортванне спіралі гвалту і злачынных рэпрэсіяў.

Правядзенне мясцовых выбараў на аснове празрыстай, сумленнай выбарчай працэдуры, з павагай да нормаў закона, доступам да ўсіх этапаў выбарчага працэсу прадстаўнікоў апазіцыі, з запрашэннем міжнародных назіральнікаў, сумленным падлікам галасоў і абвяшчэннем сапраўдных і вартых даверу народа вынікаў выбараў – такая кампанія можа адвесці краіну ад прорвы і стаць прынцыповым крокам да спынення самаразбуральнага супрацьстаяння ў грамадстве.

Безумоўна, прынцыповым крытэрам, які сведчыў бы пра гатоўнасць цяперашняга кіраўніцтва краіны да правядзення выбараў у здаровай атмасферы і без гвалту, было б вызваленне палітвязняў, спыненне адвольных арыштаў, прыпыненне палітычна матываваных крымінальных справаў супраць палітыкаў, актывістаў, праваабаронцаў і журналістаў, а таксама супраць удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту.

Наадварот, эскалацыя рэпрэсіяў, новыя крымінальныя справы супраць палітычных апанентаў і дзеячоў грамадзянскай супольнасці, прыняццё цэлага пакета рэпрэсіўных законаў, скіраваных на абгрунтаванне татальнага знішчэння грамадзянскіх правоў і свабодаў ды на легалізацыю самых змрочных цемрашальскіх практык палітычных рэспрэсіяў – усе гэта не дае магчымасці скарыстаць будучыя мясцовыя выбары для канструктыўнага развязання цяперашняга крызісу.

Партыя БНФ заклікае ўлады адмовіцца ад усіх формаў палітычных рэпрэсіяў і пераследу грамадзян у сувязі з іх поглядамі, вызваліць палітвязняў і скасаваць псеўдаправавыя нормы, якія несумяшчальныя з прынцыпамі свабоды слова, свабоды сходаў і асацыяцыяў, з правам на ўдзел у кіраванні сваёй краіны і правам на справядлівы суд, у тым ліку адклікаць нядаўна прынятыя змены ў драконаўскае заканадаўства аб барацьбе з экстрэмізмам.

Пасля гэтага належыць прызначыць правядзенне выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў дэпутатаў у найхутчэйшы тэрмін і правесці іх ва ўмовах поўнай празрыстасці, спынення рэпрэсіяў, сумленнага падліку галасоў і ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.

Заклікаем скарыстаць мясцовыя выбары дзеля спынення супрацьстаяння ў грамадстве і выратавання дзяржавы як ад самаразбурэння ў спіралі грамадзянскага канфлікту, так і ад  знешняга ўмяшальніцтва.

Прэс-служба Партыі БНФ