Пастаянны сакратар МЗС Вялікабрытаніі знаходзіцца з візітам у Менску
Пастаянны сакратар МЗС Вялікабрытаніі, кіраўнік дыпламатычнай службы, Сайман Макдональд наведвае 1 кастрычніка Менск у рамках рэгіянальнага тура, паведамляе прэс-служба пасольства Вялікабрытаніі.
Яго прыезд працягвае серыю двухбаковых сустрэч і візітаў, у тым ліку міністра па справах Еўропы і Амерыкі Алана Дункана ў Беларусь у верасні 2017 года і міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея ў Вялікабрытанію ў сакавіку 2018 года.
У ходзе візіту Макдональд сустрэнецца з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Алегам Краўчанкам і міністрам фінансаў Максімам Ермаловічам. Ён таксама правядзе некалькі сустрэч з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і выпускнікамі брытанскіх універсітэтаў.
„Візіт пастаяннага сакратара дазволіць умацаваць адносіны паміж Вялікабрытаніяй і Беларуссю і вывучыць шляхі супрацоўніцтва для падтрымкі эканамічнага развіцця ў Беларусі, у тым ліку шляхам далейшай дэмакратызацыі, павышэння эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання, а таксама развіцця гандлёвых сувязяў паміж дзвюма краінамі”, — адзначылі ў пасольстве.