Прадстаўнікі ЕЗ узгаднілі новыя санкцыі да рэжыму Лукашэнкі



Камітэт пастаянных прадстаўнікоў Еўразвяза (Coroper II) на пасяджэнні 16 чэрвеня ўзгадніў новыя санкцыі ў дачыненні да рэжыму Беларусі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, санкцыі закрануць датычных да інцыдэнту з самалётам Ryanair.

Як паведамляе інфармагенцтва ТАСС са спасылкай на сваю крыніцу ў Бруселі, у новым спісе прыблізна 80 чыноўнікаў Беларусі, якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю ЕЗ, і сем юрыдычных асоб.

Найбліжэйшым часам рашэнне фармальна зацвердзіць паводле пісьмовай працэдуры Савет ЕЗ на міністэрскім роўні, і яно ўвойдзе ў сілу.

Верагодна, гэтыя санкцыі закрануць тых, хто мае дачыненне да інцыдэнту з самалётам Ryanair. У прыватнасці вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль, выступаючы 8 чэрвеня ў Еўрапарламенце, паведаміў, што завяршаецца праца над санкцыямі ў дачыненні да фізічных і юрыдычных асоб, якія датычныя да інцыдэнту з самалётам Ryanair. Паводле яго слоў, спіс будзе ўхвалены ў найбліжэйшыя дні пісьмовай працэдурай.

Тады ж Барэль паведаміў, што на даручэнне Еўрапейскага звяза вядзецца праца па падрыхтоўцы адрасных эканамічных санкцый да Беларусі. „Я спадзяюся, што яны будуць ухваленыя падчас наступнага пасяджэння Савета міністраў замежных спраў ЕЗ (запланаванае 21 чэрвеня. — БелаПАН.). Санкцыі будуць закранаць крытычныя галіны беларускай эканомікі, — сказаў ён. — Але фінальнае рашэнне будуць прымаць дзяржавы-члены. Я спадзяюся, што яны будуць адзіныя ў гэтым рашэнні”.

23 траўня самалёт Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, вымушана сеў у Менску. У аэрапорце паведамілі, што лайнер запытаў пасадку з-за звестак пра бомбу на борце. У Ryanair заявілі, што экіпаж атрымаў інфармацыю аб мініраванні ад беларускіх дыспетчараў, якія далі ўказанне пасадзіць самалёт у Менску. Паводле даручэння Аляксандра Лукашэнкі для суправаджэння лайнера ў неба паднялі знішчальнік МіГ-29.

Пазней мініраванне не пацвердзілася, але стала вядома пра затрыманне беларускага блогера Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта. На радзіме ён абвінавачваецца згодна з трыма артыкуламі Крымінальнага кодэкса, быў абвешчаны ў міжнародны вышук, улады Беларусі раней накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы. Была затрыманая таксама сяброўка Пратасевіча Сафія Сапега, грамадзянка Расеі.

Еўрапейскі звяз заклікаў усіх авіяперавозчыкаў, якія базуюцца ў ЕЗ, пазбягаць палётаў над Беларуссю і забараніць палёты беларускіх авіякампаній у краіны Еўразвяза. Аднак яшчэ да гэтага закліку шэраг краін і асобныя авіякампаніі прынялі рашэнне прыпыніць палёты ў Беларусь і транзіт цераз яе тэрыторыю.

На экстранным пасяджэнні рады Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) 27 траўня было прынятае рашэнне правесці расследаванне інцыдэнту. ICAO павінна падрыхтаваць прамежкавую справаздачу да 25 чэрвеня.

2 чэрвеня агенцтва авіяцыйнай бяспекі Еўразвяза (EASA) выдала дырэктыву, у якой заклікала дзяржавы EASA абавязаць нацыянальных авіяперавозчыкаў пазбягаць паветранай прасторы Беларусі.

4 чэрвеня Міжнародная асацыяцыя паветранага транспарту (IATA) заклікала EASA прытрымлівацца прынцыпу „раздзялення палітыкі і авіяцыйнай бяспекі” і адмяніць дырэктыву.

У той жа дзень Савет Еўразвяза афіцыйна забараніў усім беларускім авіяперавозчыкам пралёт над тэрыторыяй Еўразвяза і доступ у аэрапорты ЕЗ.

15 чэрвеня дырэктар авіякампаніі Ryanair Майкл О’Ліры на пасяджэнні транспартнага камітэта Палаты абшчын парламента Вялікабрытаніі заявіў пра наўмыснае парушэнне ўладамі Беларусі ўсіх міжнародных авіяцыйных правілаў і нормаў бяспекі.

belapan.by