Пастухоў: Беларусь можа пераўтварыцца ў пратэктарат Расеі



Сябра аргкамітэту па правядзенні Кангрэсу былы суддзя Канстытуцыйнага суда Беларусі Міхаіл Пастухоў распавядае, якія сёння небяспекі існуюць для беларускага суверэнітэта з боку Крамля.

0F5D6A45-E103-4844-A2DB-D947A249229D_mw1024_s_n

Нагадаем, што Кангрэс за незалежнасць Беларусі плануецца правесці ў снежні гэтага году, а зараз, як кажа суразмоўца, “ідзе рабочы падрыхтоўчы працэс”.

Міхаіл Пастухоў: Праходзяць пасяджэнні аргкамітэта, абмяркоўваецца павестка дня, удакладняецца прадстаўніцтва ад рэгіёнаў, палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія прымуць удзел у мерапрыемстве. Да таго ж, пакуль не вызначыліся з месцам правядзення Кангрэсу.

РР: Галоўным пытаннем форума будзе прыняцце дакумента ў абарону незалежнасці краіны?

Міхаіл Пастухоў: Так, гэта на сёння – галоўнае. Перш-наперш размова ідзе аб негатыўных наступствах пасля заключэння дамовы аб Еўразійскім саюзе. Натуральна, актуальнымі застаюцца і праблема размяшчэння ў Беларусі расейскіх ваенных базаў, пытанне продажу дзяржаўнай уласнасці. Але, безумоўна, не абыйдзе Кангрэс бокам і іншыя надзённыя пытанні, якія хвалююць беларускую грамадскасць.

РР: Але ўжо даводзіцца чуць ад чыноўнікаў, што ніякай пагрозы ў Еўразійскім саюзе няма, і Беларусь у любы момант можа выйсці з гэтай структуры, калі будуць парушацца нейкія інтарэсы беларускага боку. Ці так гэта насамрэч?

Міхаіл Пастухоў: Вельмі памылковае меркаванне, бо, каб выйсці з саюза, спатрэбіцца час. Такая працэдура. У выніку Беларусь можа пераўтварыцца ў пратэктарат Расеі, калі краіна становіцца залежнай ад іншай дзяржавы тэрыторыяй. І фактычна вызваліцца з гэтай пасткі будзе ўжо немагчыма. Таму і заклікаем грамадсксаць, грамадзян Беларусі звярнуць увагу на такі вынік “інтэграцыі”. Мы ж бачым, што зараз ствараюцца адзіныя сілы супрацьпаветранай абароны, Беларусь стала плацдармам для расейскіх вайскоўцаў. Справа ідзе да таго, каб Расея прапісалася ў Беларусі надоўга. І гэта вельмі небяспечна для нашага суверэнітэта.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя