Патэнцыйны кандытат з Баранавічаў бароніць свае правы ў судзе
Баранавіцкі суд адмовіўся разглядаць скаргу Мікалая Чарнавуса (малодшага). Ён хацеў высветліць матывацыю абвешчанага яму папярэджання і яго адмены, паколькі выбарчыя камісіі розных роўняў гэтага не паведамілі.
На фота: (злева направа) Віталь Рымашэўскі і Мікалай Чарнавус
Суддзя Ніна Гарбачык паведаміла, што справа Чарнавуса не падведамна суду. Такі адказ незразумелы прэтэндэнту ў кандыдаты Мікалаю Чарнавусу, які захацеў абараніць свае правы ў судовым парадку:
– Я лічу, што ўлада і суд далі адпіскі, лісты прыходзілі і з ЦВК, і з нашай акруговай баранавіцкай камісіі, і з берасцейскай абласной выбарчай камісіі. А хто мусіць разбірацца, як не суд?
Чарнавус збіраецца абскардзіць рашэнне суда. Баранавіцкая-Усходняя акруговая камісія №6 абвясціла яму папярэджанне за майку з надпісам “мільён рабочых месцаў”, якую ён меў у час пікету. Сябры камісіі палічылі гэта агітацыяй. Праз тыдзень пасля скаргі ў абласную выбарчую камісію акруговы выбаркам зняў папярэджанне без паяснення.
Беларускае Радыё Рацыя