Патэнцыйных кандыдатаў усё больш, стратэгіі – няма
Чарговыя апазіцыйныя палітыкі заяўляюць пра свой намер вылучацца на прэзідэнцкія выбары.
Але адзінай канцэпцыі няма, – кажа палітычны аналітык Валерый Карбалевіч. Нядаўна прагучала заява Паўла Севярынца, што калі не зарэгіструюць адзінага кандыдата на выбары – варта думаць над стратэгіяй байкоту. Аднак пакуль што кандыдатаў шмат, і шмат розных меркаванняў, казаць пра нейкую канкрэтную стратэгію – цяжка. Кажа эксперт:
– Погляд Паўла Севярынца – гэта толькі адзін з пунктаў гледзішча прадстаўнікоў беларускай апазіцыі. Ідуць спрэчкі, ідуць дыскусіі. І самае галоўнае, што любыя рашэнні прымаюцца па ходзе палітычнай кампаніі. Калі зразумелымі будуць расклад сіл, паводзіны ўлады і так далей. Таму сёння казаць пра нешта і спрачацца, мне падаецца, проста зарана.
Выбары ў Беларусі павінны прайсці сёлета не пазней за 30-га жніўня. Прадстаўнікі пяці апазіцыйных партый і арганізацый дамовіліся вылучыць адзінага кандыдата.
Прадстаўнікі іншых структур таксама заяўляюць пра свой намер вылучаць кандыдатаў. Пра свой намер балатавацца на новы тэрмін казаў раней і Аляксандр Лукашэнка.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя