Патрабуюць выйсці з перамоваў з Расеяй аб эканамічнай інтэграцыі



Партыя БНФ запатрабавала ад уладаў Беларусі выйсці з перамоваў з Расеяй аб эканамічнай інтэграцыі. Адпаведная заява была прынятая 21 верасня на XIX з’ездзе партыі ў Менску.

„Партыя БНФ рашуча патрабуе ад цяперашніх уладаў Беларусі выхаду з любых перамоваў з Расеяй адносна пытанняў эканамічнай інтэграцыі нашых краін, бо любыя новыя пагадненні супярэчаць інтарэсам беларускага народа і будуць падрываць суверэнітэт краіны”, — гаворыцца ў заяве.

Таксама ў заяве ёсць патрабаванне апублікаваць праекты пагадненняў і змест перамоваў з Расеяй.

„Нашае асаблівае абурэнне выклікае той факт, што змест меркаваных новых пагадненняў з Расеяй, а таксама поўную інфармацыю аб ходзе перамоваў з Масквой хаваюць ад беларускага народа. Гэта можа сведчыць толькі пра намеры таемна падрыхтаваць і падпісаць нявыгадныя і непатрэбныя беларусам пагадненні, у выніку якіх гаспадарыць на нашай зямлі і фактычна валодаць беларускай маёмасцю і лёсамі беларусаў стануць чужынцы”, — перакананыя члены партыі.

У Партыі БНФ адзначаюць, што любыя інтэграцыйныя дамовы з Расеяй з’яўляюцца незаконнымі на этапе іх падрыхтоўкі, бо супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. „Падрыў дзяржаўнага суверэнітэту з’яўляецца цяжкім крымінальным злачынствам, і ўсе датычныя не пазбегнуць справядлівага суда. Цвёрдая пазіцыя партыі БНФ складаецца ў тым, што ўсе інтэграцыйныя дамовы з Расейскай Федэрацыяй, якія супярэчаць нацыянальным інтарэсам, будуць дэнансаваныя пасля змены рэжыму ў аднабаковым парадку”, — заяўляюць партыйцы.

У Партыі БНФ лічаць, што заявы ўладаў аб незалежнасці застаюцца „пустым гукам”, пакуль у краіне працягваецца „татальная русіфікацыя” і адсутнічае патрыятычнае выхаванне ў школах і ў арміі.

Члены партыі звярнуліся да грамадзян Беларусі з заклікам выступіць супраць дамоваў з Расеяй, аб’ядноўвацца супраць інтэграцыі вакол нацыянальна-дэмакратычных сіл, а таксама быць гатовым абараняць незалежнасць краіны „любымі даступнымі сродкамі”.

16 верасня расейская газета „Коммерсантъ” паведаміла аб некаторых падрабязнасцях Праграмы дзеянняў Беларусі і РФ па рэалізацыі палажэнняў Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, якую парафіравалі 6 верасня ў Маскве прэм’ер-міністры Расеі і Беларусі. Паводле ацэнкі выдання, гэта „даволі радыкальны праект”: эканамічная інтэграцыя да 2021 года на ўзроўні не меншым чым у Еўразвязе, а ў шэрагу пытанняў — аналагічная канфедэратыўнай ці нават федэратыўнай дзяржавам. „Пры рэалізацыі плана да гэтага тэрміну гаворка ідзе пра паглынанне моцна адзяржаўленай эканомікай Расеі амаль цалкам дзяржаўнай эканомікі Беларусі на ўзроўні кіравання”, — піша „Коммерсантъ”. Гаворка ідзе, у прыватнасці, аб пераходзе на адзіныя Падатковы і Грамадзянскі кодэксы, агульны знешнегандлёвы рэжым, а таксама стварэнні адзінага рэгулятара рынкаў нафты, газу і электраэнергіі.

belapan.by