Патрушаў і Зась правялі пад Масквой кансультацыі па пытаннях бяспекі
Сакратар Савета бяспекі РФ Мікалай Патрушаў і дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась правялі 29 жніўня ў Маскоўскай вобласці расійска-беларускія кансультацыі па пытаннях бяспекі.
Абмеркаваны пытанні ўзаемадзеяння апаратаў саветаў бяспекі дзвюх краін, а таксама супрацоўніцтва спецслужбаў, праваахоўных органаў і ваенных ведамстваў Расеі і Беларусі, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы расейскага Савета бяспекі.
У прыватнасці, разгледжана тэматыка сумеснай барацьбы з міжнародным тэрарызмам, праблематыка паглыблення ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва на ўзаемавыгаднай аснове ў імя інтарэсаў умацавання абараназдольнасці дзвюх краін.
Бакі абмяняліся думкамі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня.
Асобная ўвага нададзена ўзаемадзеянню і абмену досведам паміж кампетэнтнымі органамі Расеі і Беларусі па арганізацыі бяспекі пры правядзенні буйных міжнародных спартыўных мерапрыемстваў.
„Адзначана, што прынятыя ўзмоцненыя меры бяспекі, зладжаная праца ўсіх ведамстваў падчас падрыхтоўкі і правядзення чэмпіянату свету па футболе 2018 года не дазволілі дапусціць учынення тэрарыстычных актаў, масавых парушэнняў грамадскага парадку. Супрацоўніцтва кампетэнтных органаў Расеі і Беларусі даказала сваю эфектыўнасць пры правядзенні ў 2014 годзе ў Рэспубліцы Беларусь і ў 2016 годзе ў Расеі чэмпіянатаў свету па хакеі і шэрагу іншых спартыўных спаборніцтваў”, — адзначаецца ў паведамленні.
Бакі запэўнілі адзін аднаго ў гатоўнасці канструктыўнага ўзаемадзеяння ў ходзе падрыхтоўкі і правядзення II Еўрапейскіх гульняў у Беларусі ў 2019 годзе.
Мікалай Патрушаў запрасіў Станіслава Зася прыняць удзел у шостай сустрэчы сакратароў саветаў бяспекі дзяржаў — удзельніц СНД, якая адбудзецца ў лістападзе ў Маскве.
belapan.by