Патрыярх Кірыл назваў правы чалавека „глабальнай ерассю”
Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл заклікаў абараніць праваслаўе ад „глабальнай ерасі чалавекапаклонства”.
Па словах патрыярха, універсальным крытэрыем ісціны ў наш час стаў чалавек і яго правы. З-за гэтага, на думку Кірыла, „пачалося рэвалюцыйнае выгнанне Бога з чалавечага жыцця, з жыцця грамадства”.
„Сёння мы гаворым пра глабальную ерась чалавекапаклонства, новага ідалапаклонства, якое выганяе Бога з чалавечага жыцця. Нічога падобнага ў глабальным маштабе ніколі не было. Менавіта на пераадоленне гэтай ерасі сучаснасці, наступствы якой могуць мець апакаліптычныя падзеі, Царква павінна накіроўваць сілу сваёй абароны, свайго слова, сваёй думкі”, – заявіў патрыярх.
Ён дадаў, што ў шматлікіх краінах прымаюцца намаганні з дапамогай закона „зацвердзіць права кожнага выбару чалавека, у тым ліку і самога грахоўнага, які ішоў насуперак са словам божым”.