Патрыярх Кірыл: У Менску мы павінны будзем адрэагаваць на сітуацыю ва Украіне



Святы сінод Рускай праваслаўнай царквы на пасяджэнні 15 кастрычніка ў беларускай сталіцы павінен будзе адрэагаваць на сітуацыю, якая складваецца з праваслаўем ва Украіне. Пра гэта 13 кастрычніка пасля прылёту ў нацыянальны аэрапорт Мінск заявіў журналістам патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл (Гундзяеў).

„Я прыбыў у Мінск на блізкую майму сэрцу беларускую зямлю ў год 1030-годдзя Хрышчэння Русі, — сказаў ён. — У сувязі з гэтай выдатнай падзеяй, са святкаваннем круглай гадавіны нашай агульнахрысціянскай гісторыі было прынятае рашэнне ў Менску правесці паседжанне Святога сінода. Гэта першае пасяджэнне ў гісторыі нашай царквы на беларускай зямлі”.

„Нам трэба будзе вырашыць вельмі шмат важных пытанняў, у тым ліку адрэагаваць на тое, што сёння адбываецца ў сям`і праваслаўных цэркваў, і на тую сітуацыю, якая складваецца ва Украіне. Я спадзяюся, што праваслаўная царква знойдзе ў сабе сілы пераадолець тыя крызісныя з`явы, якія існуюць, захаваць сваё адзінства, гэтак неабходнае для духоўнага адраджэння нашых народаў. Няхай добраславенне Божае будзе над беларускай зямлёй”, — заявіў прадстаяцель РПЦ.

Кіраўнік прэс-службы Маскоўскага патрыярха іерэй Аляксандр Волкаў у гутарцы з журналістамі адзначыў, што канчатковых рашэнняў адносна аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царквы Канстанцінопальскі патрыярхат яшчэ не прыняў.

„Але рашэнні, якія былі агучаныя па выніках пасяджэння сінода Канстанцінопальскага патрыярхату, сведчаць пра тое, што ён ступіў на цалкам неправамоцны шлях з пункту гледжання праваслаўнага ўспрымання, — лічыць святар. — Гэты шлях ужо прыводзіць Канстанцінопальскі патрыярхат да падтрымкі расколу, узмацнення супрацьстаяння, якое і так ужо сёння існуе ў царкоўным жыцці Украіны. Бясспрэчна, усе тыя дзеянні, якія робяцца Канстанцінопальскім патрыярхатам, надзвычай негатыўна і згубна адаб`юцца на ўсім сусветным праваслаўі. Гэтымі дзеяннямі ён руйнуе праваслаўнае адзінства, што стваралася стагоддзямі і з`яўляецца надзвычай каштоўным для кожнага чалавека, які адносіцца да праваслаўя, як да сваёй веры, а не як да палітычнага інструменту, якім можна дзейнічаць, каб дагадзіць тым ці іншым імгненным абставінам”.

„Мы са шкадаваннем канстатуем, што Канстанцінопальскі патрыярхат у сваіх дзеяннях матывуецца ў першую чаргу палітычнымі, а не царкоўнымі меркаваннямі. Само па сабе гэта надзвычай згубна ўплывае на будучыню ўсяго сусветнага праваслаўя, таму што гэта парушае некаторыя ўстояныя традыцыі і кананічныя нормы”, — дадаў іерэй.

Кіраўнік прэс-службы Маскоўскага патрыярха падкрэсліў, што канчатковае рашэнне і ацэнку „ўсяго таго, што было зроблена Канстанцінопальскім патрыярхатам за апошні час”, дасць Святы сінод РПЦ на пасяджэнні 15 кастрычніка ў Менску.

Паводле яго слоў, адказ будзе „адэкватным і жорсткім”. „Святы сінод выкажа цалкам вызначаную недвухсэнсоўную пазіцыю адносна заяў і рашэнняў, якія былі прынятыя ў Стамбуле ў пятніцу”, — падсумаваў святар.

У красавіку прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка звярнуўся да канстанцінопальскага патрыярха Варфаламея з просьбай выдаць Томас аб аўтакефаліі праваслаўнай царквы ва Украіне. Яго падтрымалі некананічныя Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату і Украінская аўтакефальная праваслаўная царква, але не падтрымала афіцыйная УПЦ Маскоўскага патрыярхату.

22 красавіка Святы сінод Канстанцінопальскага патрыярхату афіцыйна прыняў гэты зварот да разгляду. 7 верасня патрыярхат апублікаваў камюніке, у якім паведамлялася аб прызначэнні двух сваіх іерархаў экзархамі ва Украіне.

У адказ на гэта Святы сінод РПЦ, які лічыць Украіну сваёй кананічнай тэрыторыяй, абвінаваціў патрыярха Варфаламея ва ўмяшанні ва ўнутраныя справы іншай памеснай царквы і прыняў рашэнне прыпыніць кантакты з Канстанцінопальскім патрыярхатам.

11 кастрычніка сінод Канстанцінопальскага патрыярхату зняў анафему з непрызнанага кіеўскага патрыярха Філарэта, якую ў 1997 годзе наклаў на яго Маскоўскі патрыярхат „за раскол”. Тое ж зрабіў Канстанцінопаль у дачыненні да кіраўніка Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Макарыя. Гэта прамежкавае рашэнне на шляху надання аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царкве.

belapan.by