Паўла Севярынца выклікаюць у суд 15 сакавіка ў 17:15



Сустаршыні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Паўлу Севярынцу ўкінулі ў паштовую скрыню судовую позву на 15 сакавіка, на час 17.15.

Фрунзенскі суд Менска патрабуе ад палітыка з’явіцца на разгляд невядомай адміністрацыйнай справы паводле артыкула 23.34, —паведамляе сайт БХД.

«Ніякіх адміністрацыйных справаў у Фрунзенскім раёне на мяне няма, — каментуе Павал Севярынец. — Але менавіта 15 сакавіка а 17.30 пачнецца Менскі марш пратэсту. Значыць, Фрунзенскі РАУС і Фрунзенскі суд ужо абавязалі «затрымаць, даставіць і асудзіць», каб не дапусціць майго ўдзелу ў маршы.

Менскі гарвыканкам дазволіў збор удзельнікаў акцыі 15 сакавіка ў 17:30 каля кінатэатру «Кастрычнік» і шэсце да плошчы Бангалор. Маршрут маршу «Мы не дармаеды» 15 сакавіка вырашаць яго ўдзельнікі, лічаць арганізатары.