Паўла Севярынца выпусцілі на свабоду пасля 10 сутак арышту



Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец 10 ліпеня адпушчаны на свабоду пасля 10 сутак арышту ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсціна.

Як паведаміў палітык БелаПАН, яго павінны былі вызваліць у 11.30, аднак да 15 гадзін пратрымалі ў ЦІП, пасля чаго перавезлі ў Фрунзенскае РУУС Менска. У выніку Севярынец вызваліўся прыкладна ў 16.00. Пра прычыны затрымкі з вызваленнем палітыка не праінфармавалі.

Рашэнне аб 10-сутачным адміністрацыйным арышце Севярынца было прынятае 30 чэрвеня судом Фрунзенскага раёна сталіцы. Некалькі адміністрацыйных пратаколаў у дачыненні да Севярынца былі складзеныя ў сувязі з яго удзелам у акцыях пратэсту супраць працы побач з урочышчам Курапаты забаўляльнага цэнтра з рэстаранам „Паедзем паядзім”.

Перад вынясеннем рашэння суда Севярынец паведаміў БелаПАН, што ў дачыненні да яго разглядалася больш за пяць пратаколаў: за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, перашкоду працы грамадскай установы, дробнае хуліганства, супраціўленне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, парушэнне правілаў дарожнага руху.

Акцыі супраць працы забаўляльнага цэнтра праходзяць з 31 траўня. У дачыненні да многіх актывістаў складалі пратаколы як супрацоўнікі ДАІ, так і міліцыі.

belapan.by