Паўла Вінаградава асудзілі на 15 сутак арышту (абноўлена)



Актывіст моладзевага крыла «Zмена» кампаніі «Гавары праўду» Павел Вінаградаў асуджаны на 15 сутак арышту, і аштрафаваны на 1 мільён 950 тысяч рублёў. Пра гэта паведаміла жонка Паўла – Святлана Вінаградава. Паводле яе словаў, такое рашэнне вынесла суддзя суда Маскоўскага раёна Менску Таццяна Мотыль:

– Ён расказаў, што калі ўчора прыйшоў у РУУС, яму адразу сказалі выкладваць рэчы на стол і пачалі апісваць іх, яшчэ не прад’яўляючы ніякіх абвінавачванняў. Учора быў суд, ён закончыўся ў 8 гадзін вечара. Яго асудзілі на 15 суткаў і штраф. Пратакол быў пра тое, што ён у п’яным выглядзе нецензурна лаяўся. Суддзя прызнала, што ён брыдкасловіў, але не прызнала, што ў нецвярозым выглядзе – не знайшла доказаў.

26-гадовы Павел Вінаградаў – адзін з фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 года, быў асуджаны на чатыры гады зняволення, вызвалены на падставе ўказа Лукашэнкі аб памілаванні.

* * *

Суд Маскоўскага раёну сталіцы 12 верасня арыштаваў на 15 сутак актывіста моладзевай ініцыятывы «Змена» Паўла Вінаградава за брыдкаслоўе.

Таксама яго пакаралі штрафам у паўтара мільёна рублёў за парушэнне правілаў прэвентыўнага нагляду і штрафам у 450 тысяч рублёў за распіванне спіртных напояў у грамадскім месцы.

Паводле сведак-міліцыянтаў Канцавога і Вярбіцкага, Павел нібыта 11 верасня піў піва на стадыёне каля пастарунку. Але вядома, што 11 верасня ён цягам дня знаходзіўся ў пастарунку.

* * *

Сёння ў Менску павінны судзіць актывіста моладзевай арганізайцыі “Змена” Паўла Вінаградава. Яго затрымалі напярэдадні, пасля таго як Павел выправіўся ў РУУС Маскоўскага раёна па месцы жыхарства, каб па ўмовах прэвентыўнага нагляду, адзначыцца ў аддзеле. Пасля гэтага сувязь з ім перарвалася болей чым на шэсць гадзін. Толькі ўвечары ягоная жонка Святлана змагла даведацца ў дзяжурнага міліцыянера РУУСа, што Паўла павязуць на Акрэсціна ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. На якой падставе затрымалі мужа і па якім артыкуле яго маюць судзіць пакуль невядома, – кажа жонка Паўла Вінаградава Святлана.

– Пакуль усё недакладна. Таму лепш зараз нічога не казаць. Ён толькі патэлефанаваў і сказаў, што будзе пасля абеда. Пакуль яго ў суд не прывезлі. Там толькі адвакат знаходзіцца.

Як распавяла Святлана Вінаградава, да іх у кватэру прыйшлі міліцыянты з мэтай нібыта праверыць жыллёвыя ўмовы актывіста. Раней у жніўні Паўла Вінаградава беспадстаўна пакаралі адміністрацыйным арыштам на 10 сутак.

Анна Шайкоўская, Беларуская Радыё Рацыя

Фота by.belapan.com