Паўлу Севярынцу працягнулі тэрмін следства яшчэ на два месяцы
Сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўлу Севярынцу працягнулі тэрмін следства яшчэ на два месяцы — да 20 снежня, паведаміла жонка палітыка Вольга Севярынец на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.
„Пра гэта нават адвакату не паведамілі. Паша напісаў у лісце. Проста выклікалі, зачыталі, без абгрунтавання і тлумачэння. Ён нічога не падпісваў і параіў следчаму напісаць рапарт, не ламаць сабе жыццё і не ўдзельнічаць у беззаконні. Следчы прамаўчаў”, — напісала жонка палітыка.
Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня каля свайго дома неўзабаве пасля таго, як правёў на плошчы перад сталічным Камароўскім рынкам „народны пікет свабоды і салідарнасці” побач з пікетамі па зборы подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку кандыдатаў у прэзідэнты.
21 жніўня Севярынец павінен быў выйсці на волю пасля 75 сутак адміністрацыйнага арышту. Аднак напярэдадні яго жонцы патэлефанавалі са Следчага камітэта і паведамілі: у дачыненні да Паўла Севярынца распачатая справа па арт. 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса (затрыманне па непасрэдна ўзніклым падазрэнні у здзяйсненні злачынства).
Затым стала вядома, што Севярынцу выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках), ён быў затрыманы яшчэ на два месяцы.
Беларускія праваабаронцы прызналі Севярынца палітвязнем, а арганізацыя „Міжнародная амністыя” — вязнем сумлення.