Паўлу Севярынцу, які адбывае арышт, прысудзілі яшчэ адзін буйны штраф
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец пакараны штрафам у 1.350 рублёў за заклік да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй 20 снежня. Такое рашэнне прыняў 9 студзеня суд Цэнтральнага раёна Менска.
Суддзя Іван Касцян прызнаў Севярынца вінаватым на падставе ч. 3 арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (паўторнае парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства).
У судзе былі дапытаныя два супрацоўнікі міліцыі, якія пацвердзілі, што бачылі Севярынца на акцыі. Адзін з іх заявіў, што чуў, як абвінавачаны заклікаў прыходзіць на акцыю 20 снежня.
Севярынец у працэсе не ўдзельнічаў, бо з 26 снежня адбывае 15-сутачны адміністрацыйны арышт згодна з рашэннем суда Савецкага раёна Менску за ўдзел у вулічнай акцыі супраць інтэграцыі з РФ, якая прайшла 7 снежня.
Перад адпраўленнем Севярынца ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў суддзя суда Фрунзенскага раёна Менска Ала Скуратовіч прызнала яго вінаватым на падставе ч. 3 арт. 23.34 КоАП і пастанавіла пакараць штрафам у 1.275 рублёў за заклік да ўдзелу ў акцыі 7 снежня.
Несанкцыянаваныя вулічныя акцыі за незалежнасць Беларусі і супраць інтэграцыі з Расеяй прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 снежня.