Паўлюк Быкоўскі: Праўдападобна, што „бліцкрыг” сарваўся
З пачатку расейскай ваеннай агрэсіі ва Украіне рыторыка Аляксандра Лукашэнкі істотна змянілася – заўважае наш „Госць Рацыі” беларускі журналіст Паўлюк Быкоўскі.
Акрамя таго, афіцыйны Менск спрабуе рабіць нейкія крокі ў напрамку паляпшэння стасункаў з краінамі Захаду. Ці гэта атрымаецца?
РР: Вы казалі, што Лукашэнка змяніў рыторыку. На каго такая рыторыка разлічана?
– Гэта працуе адразу на некалькі аўдыторый. Для беларускай аўдыторыі натуральна, для часткі аўдыторыі, якая засталася лаяльнай Аляксандру Лукашэнку, гэта можа спрацаваць. Бо ў прынцыпе яны хутчэй за ўсё карыстаюцца дзяржаўнымі медыя і бачаць карціну, якую ім прапануе дзяржаўная прапаганда. У прынцыпе Беларусь заставалася мірнай краінай, не было нічога з беларускага боку зроблена супраць Украіны. Пра тое, што беларуская тэрыторыя выкарыстоўвалася супраць Украіны, там не сказана, але сказана пра тое, што Беларусь прымала бежанцаў з Украіны. Калі казаць пра міжнародную аўдыторыю, то трэба зазначыць, што ёсць доўгая практыка яшчэ савецкага дыпламата, выхадца з Беларусі Андрэя Грамыкі пра тое, што на Захадзе заўсёды з кімсьці можна ўступіць у перамовы, заўсёды можна звярнуцца і хтосьці адгукнецца, асабліва калі гэта пытанне тычыцца пошукаў міру. Таму як бы здавалася гэта не неверагодна, але можа быць суседняя краіна, можа тая ж самая Польшча не будзе гатовая прыняць такога кшталту прапанову, але нейкія краіны могуць адгукнуцца. З улікам таго, што па апошняй справаздачы, напрыклад АБСЕ, Беларусь не прызнаная краінай-агрэсарам, але прызнана, што з яе тэрыторыі ажыццяўлялася агрэсія Расеі, гэты статус можа вельмі па-рознаму прапагандавацца, як спадаром Макеем, так і ягонымі партнёрамі.
РР: Як лічыце, якія краіны маглі б пайсці на гэтую міратворчую рыторыку?
– Ну так адназначна сказаць складана, бо ў еўрапейскіх медыях і еўрапейскай грамадскай думцы ўсё ж такі больш праходзіць наратыў пра Украіну, як ахвяру і пра агрэсію з боку Расеі і з боку беларускіх уладаў, якія падтрымалі гэтую агрэсію. Але свет не толькі замыкаецца ў Еўропе, ёсць іншыя краіны, ёсць Кітай, ёсць Індыя, ёсць арабскія краіны. Калі браць міжнародную палітыку, то ўсё гэта выглядае больш складана. У нас натуральным чынам больш еўпрацэнтрычны погляд, але міжнародная палітыка адбываецца па больш складаным прынцыпе.
РР: Ліст Уладзіміра Макея можна разглядаць, як спробу наладзіць кантакты з захадам?
– Хутчэй за ўсё гэта спроба наладзіць кантакты, а не ўжо сама па сабе палітыка наладжвання кантактаў. Напэўна такі вектар таксама прысутнічае. Як кажуць „Спроба – не хвароба”, таму яны і грукаюцца ў тыя дзверы, якія тэарэтычна могуць быць адчыненымі. Іншае пытанне, што на сённяшні момант, мне падаецца, што гэта цалкам нерэалістычны падыход, але сітуацыя можа памяняцца ў любы момант. Вось, як я разумею, што Менск хацеў бы трапіць у сітуацыю, калі ён будзе на баку тых, хто заключае мірную дамову не як прайграўшы бок.
РР: Беларусь, як мірная перамоўная пляцоўка – гэта яшчэ рэальны сцэнар?
– Ну з аднаго боку можна было казаць, што гэта нерэальна тады, калі з беларускай тэрыторыі расейскае войска ўвайшло на тэрыторыю Украіны. З таго моманту, калі былі абстрэлы ўкраінскай тэрыторыі з тэрыторыі Беларусі. Але разам з тым некалькі сесій перамоў пасля гэтага прайшлі на тэрыторыі Беларусі. То бок з пункту гледжання тэорыі верагоднасці нулявой верагоднасці не існуе ўвогуле, але ёсць больш высокая, менш высокая верагоднасць. Тут я сказаў бы, што хутчэй за ўсё верагоднасць не вельмі высокая, але яна ўсё роўна існуе. Для Расеі беларуская тэрыторыя, як пляцоўка перамоў ёсць у значнай ступені прывабным выбарам. Для ўкраінскай хутчэй за ўсё не, для Украіны больш важным выглядае само па сабе дасягненне нейкіх вынікаў падчас перамоў. Пры гэтым трэба зазначыць, што і для расейскага боку, для ўкраінскага боку можа ўкладацца розны сэнс у тое, што адбываецца падчас перамоваў. Відавочна, што расейская армія зараз мае страты, мае лагістычныя праблемы па забеспячэнні. Праўдападобна, што „бліцкрыг” сарваўся і ставяцца іншыя мэты перад арміяй. З другога боку для ўкраінскага боку вельмі складана на этапе, калі можна казаць пра шэраг перамог, спыняцца на тым, што дасягнута і аддаваць тэрыторыю, якую можна было б вызваліць. Усё гэта робіць сітуацыю з перамовамі больш складанай для прыняцца рашэння, як у ваенным сэнсе, так і ў палітычным сэнсе. Таму выбар пляцоўкі ў некаторай сітуацыі можа быць зроблены не толькі з прагматычных мэтаў, каб паскорыць перамовы, але і для таго, каб іх наадварот замарудзіць. Таму я не магу сказаць, што само па сабе абсалютна нерэалістычна з выбарам Беларусі, як пляцоўкі для перамоваў.
Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя