Паўночная Македонія стала 30-ым сябрам НАТО



27 сакавіка Паўночная Македонія афіцыйна стала сябрам НАТО, паведаміў сайт Паўночнаатлантычнага альянсу.

фота EPA

Дакумент аб далучэнні да НАТО пераданы ў Дзяржаўны дэпартамент ЗША ў Вашынгтане. ЗША з’яўляюцца дэпазітарыем пагаднення пра стварэнне Альянсу.

Афіцыйная цырымонія ўздымання сцягу Паўночнай Македоніі каля штаб-кватэры Альянсу адбудзецца 30 сакавіка. Балканская дзяржава стала 30-ым сябрам НАТО.

Пра жаданне стаць сябрам НАТО ў Скоп’е заявілі яшчэ ў 1993 годзе. У 1999 годзе краіна атрымала план наконт афіцыйнага ўступлення.

Працяглы час уступ краіны ў НАТО блакавала Грэцыя, патрабуючы, каб была зменена назва гэтай дзяржавы (напомнім, што Македоніяй таксама называецца гістарычны рэгіён Грэцыі). Гэтая спрэчка была ўрэгуляваная ўвосень 2018 года: Македонія пераназвалася ў Паўночную Македонію. Пасля гэтага 6 лютага 2010 года 29 амбасадараў – сябраў НАТО паставілі свае подпісы пад пратаколам аб далучэнні Паўночнай Македоніі.

Усе парламенты дзяржаў-сябраў ратыфікавалі дакумент, апошняй гэта зрабіла 17 сакавіка 2020 года Іспанія, пасля чаго пратакол увайшоў у законнае дзеянне.

Беларускае Радыё Рацыя