Паўночныя вобласці Італіі прагаласавалі за пашырэнне аўтаноміі
Два багацейшыя рэгіёны поўначы Італіі ў нядзелю прагаласавалі за пашырэнне аўтаноміі ў ходзе рэферэндумаў, якія могуць узмацніць напружанасць у Еўропе на фоне спробаў Іспаніі прадухіліць аддзяленне Каталоніі.
Мільёны жыхароў абласцей Ламбардыя і Венета, якімі кіруе партыя „Ліга Поўначы”, якая некалі адкрыта выступала за аддзяленне італьянскіх паўночных правінцый, пераважнай большасцю галасоў падтрымалі пашырэнне свайго аўтаномнага статусу – „так” сказалі больш за 90 адсоткаў выбаршчыкаў, сведчаць папярэднія вынікі.
Партыя заклікала правесці рэферэндумы, каб атрымаць мандат для вядзення перамоваў з Рымам аб больш выгадным для абласцей фінансавым пагадненні.
Яўка выбаршчыкаў па папярэдніх дадзеных перавысіла 40 адсоткаў, сказаў журналістам губернатар Ламбардыі Раберта Мароні. У Венета яўка дасягнула 57 адсоткаў.
„Цяпер мы можам напісаць новую старонку: вобласці, якія просяць больш паўнамоцтваў, атрымаюць іх”, – сказаў Мароні журналістам у Мілане.
У адрозненне ад праведзенага 1 кастрычніка рэферэндуму ў Каталоніі, які Мадрыд назваў нелегітымным, галасаванні ў Італіі не парушылі канстытуцыю, аднак іх вынікі не абавязковыя да выканання Рымам.
На Ламбардыю, дзе знаходзіцца фінансавы цэнтр Мілан, прыпадае каля 20 працэнтаў эканамічнай актыўнасці Італіі – трэцяй па велічыні эканомікі еўразоны. На вобласць Венета, якая ўключае турыстычны цэнтр Венецыю, прыходзіцца каля 10 адсоткаў эканомікі Італіі.
Многія жыхары абедзвюх абласцей незадаволеныя тым, што цэнтральны ўрад дарэмна марнуе іх падаткі, абвінавачваючы Рым у нізкай якасці дзяржпаслуг і перанакіраванні сродкаў бедным паўднёвым рэгіёнам.