„Паўсюдныя рэпрэсіі, перадвыбарны ўльтракансерватызм і пазбяганне санкцый”
Незалежны аналітычны цэнтр BEROC зладзіў анлайн-прэзентацыю шостай штоквартальнай справаздачы “Беларускі трэкер перамен”.
Галоўную тэндэнцыю лета-2023 ў Беларусі адзначыў старэйшы эксперт Цэнтра новых ідэй, сацыёлаг Генадзь Коршунаў:
– Галоўная тэндэнцыя, якая захоўваецца ўжо каторы год, гэта тое, што асноўным інструментам для стасункаў дзяржавы і грамадства з’яўляюцца рэпрэсіі. Рэпрэсіі працягваюцца, захоўваючы свае асноўныя характарыстыкі і якасці. Ціск на прыхільнікаў перамен, тых, хто ўдзельнічаў яшчэ ў 2020 у пратэстах, ціск на праціўнікаў вайны ва Украіне. Галоўнымі формамі з’яўляюцца як індывідуальныя затрыманні, так і затрыманні цэлых сем’яў і калектыўныя хапуны. Апошнія бываюць як тэрытарыяльныя, так і на заводах. Захоўваецца ціск на палітзняволеных і палітзняволеных, якія выйшлі з-за кратаў.
Рух рэжыму Лукашэнкі да ўльтракансерватызму перад парламенцкімі выбарамі адзначаў палітолаг Арцём Шрайбман:
– Гэтая тэма будзе ўсё часцей фігураваць у выбарчай рыторыцы ўладаў, рыторыцы, звязанай з выбарчай кампаніяй. То бок спробы такім чынам набіраць ачкі электарату, хоць, здавалася б, канкурэнцыя выбарчая ў Беларусі скончылася, але гэта будзе асноўным наратывам парламенцкай выбарчай кампаніі.
Акрамя гэтага ўдзельнікі анлайн-прэзентацыі Шостага беларускага трэкера перамен адзначылі паступовы разварот Беларусі ў поўнае падначаленне Расеі на фоне абыходу санкцый. У культурна-гістарычнай плоскасці галоўнымі „ворагамі” рэжыму Лукашэнкі застаюцца праявы беларушчыны і яе ўвасабленне – Кастусь Каліноўскі.
Беларускае Радыё Рацыя