Павал Коваль: Эфектыўны ўплыў на Расею аказала падзенне коштаў на нафту
Санкцыі супраць Расеі за агрэсію ва Украіне маюць абмежаваны, але пазітыўны эфект.
Пра гэта ў інтэрв’ю „Жэчы Пасполітай” заявіў польскі прэзідэнт Браніслаў Камароўскі.
Паводле яго, увесь Захад аб’яднаўся ў тым, што адмена санкцый супраць Расеі мае быць звязаная з вяртаннем Крыму.
Найбольш эфектыўны ўплыў на Расею аказала падзенне коштаў на нафту, а не заходнія санкцыі, – мяркуе польскі палітык Павал Коваль.
– Еўропа не можа абмежаваць Пуціна, і Пуцін успрымае гэта як слабасць. Санкцыі – гэта не лекі, які паправяць сітуацыю на Усходзе Еўропы.
Санкцыі ў дачыненні да Расеі маюць абмежаваны характар, у пачатку будучага году ЕЗ мае прыняць рашэнне аб працягу або скасаванні санкцый супраць Расеі.
Блок Пятра Парашэнкі і Народны фронт Арсена Яцэнюка – лідары сацыялагічных апытанняў перад выбарамі ва Украіне. У бліжэйшую нядзелю ўкраінцы абяруць новы склад Вярхоўнай Рады.
Паводле розных сацыялагічных апытанняў, за блок прэзідэнта Украіны гатовыя галасаваць ад 30 да 34 адсоткаў украінскіх выбарцаў, каля 10-12 працэнтаў апытаных гатовыя галасаваць за Народны фронт кіраўніка ўкраінскага ўраду.
Пасля пераканаўчай перамогі Пятра Парашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах далейшыя рэформы патрабуюць падтрымкі парламенту, – кажа польскі палітык і эксперт Павал Коваль.
– Сэнс гэтых выбараў у тым, каб да ўлады прыйшлі колы, якія зацікаўленыя ў далейшых рэформах. Гэтыя выбары для мяне лагічны працяг Майдану і прэзідэнцкіх выбараў. У парламент павнны прыйсці партыі, якія рэальна фукнцыянуюць.
Выбары ва Украіне праходзяць па старым выбарчым заканадаўстве, паводле якога палова дэпутатаў абіраецца па партыйных спісах, другая палова па аднамандатных акругах.
Вядома, што каля 30 дэпутатаў абраныя не будуць, бо іх аднамандатныя акругі знаходзяцца на тэрыторыі Крыму і кантраляванай баевікамі частцы Данбасу.
Усходняе партнёрства будзе эфектыўным, калі адбудуцца змены ў грамадствах гэтых краінаў, адзначыў нашаму радыё былы віцэ-міністр замежных спраў Польшчы Павал Коваль.
Сёння відавочна, што сама праграма патрабуе зменаў у адпаведнасці з тымі рэаліямі, якія пануюць на постсавецкай прасторы, але прапановы праграмы не можна цалкам рэалізаваць, калі гэтыя краіны застануцца карумпаванымі і алігархічнымі.
– У гэтых краінах трэба спыніць алігархізацыю, даць людзям магчымасць для развіцця фірмаў індывідуальных, а таксама патрэбна антыкарупцыйная дзейнасць.
Чарговы саміт Усходняга партнёрства мае прайсці ў траўні будучага году ў Рызе. Чакаецца, што на ім будзе падпісанае рашэнне пра адмену візавага рэжыму для грамадзянаў Украіны і Грузіі, а таксама аб лібэралізацыі візавага рэжыму для грамадзянаў Беларусі.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота polradio.pl
–