Павел Мацукевіч: Стварэнне кантактнай групы дэмсіл у Радзе Еўропы – добры знак



Рада Еўропы распачала супрацу з беларускімі дэмакратычнымі сіламі: у верасні было абвешчана пра стварэнне спецыяльнай кантактнай групы, а першае сумеснае пасяджэнне прайшло ў Страсбургу 7-га лістапада.

Пра супрацу Беларусі з Радай Еўропы кажа старэйшы даследчык „Цэнтра новых ідэй”, экс-дыпламат Павал Мацукевіч:

– Узніклі добрыя перспектывы для ўзаемадзеяння грамадзянскай супольнасці Беларусі, Рады Еўропы. Са стварэннем групы ў беларускай грамадзянскай супольнасці з’явіўся непасрэдны канал для кантактаў з Радай Еўропы, які можна выкарыстоўваць для таго, каб сістэмна інфармаваць Раду Еўропы пра злачынствы рэжыму, але не толькі. Можна інфармаваць Раду Еўропы пра тыя праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы ў замежжы.

Павел Мацукевіч пералічвае тыя праблемы, з якімі вымушаны сутыкацца беларусы за мяжой:

– Візы, легалізацыя ў краінах, дзе знаходзяцца беларусы. Ёсць прыклады адмовы ў вучобе па нацыянальнай прыкмеце, банальна нават не сялілі ў гатэлі. Не магу судзіць наколькі гэта актуальна, але такія праблемы былі і дапускаю, што яны ёсць і будуць у будучыні, прынамсі пакуль Беларусь з’яўляецца саўдзельнікам агрэсіі і асобныя краіны асацыююць беларусаў са злачынствамі рэжыму.

Экс-дыпламат Павал Мацукевіч таксама ўпэўнены, што ў першую чаргу таксама трэба перадаваць Радзе Еўропы інфармацыю пра прыгнёт, дыскрымінацыю і парушэнні правоў, з якімі сутыкаюцца беларусы за мяжой.

Беларускае Радыё Рацыя