Павел Севярынец выйшаў на волю пасля чарговых сутак за Курапаты (абноўлена)
Пасля 15 сутак арышту на волю выйшаў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец. Ён быў асуджаны за абарону мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах, дзе ўлады пачалі знішчаць пастаўленныя грамадзянамі крыжы. Па словах палітыка, яго затрыманне, суд і прысуд — гэта паўнейшае беззаконне.
– На тэлефон здымаеш, як валяць крыжы, – два пратаколы, дробны хуліган, маўляў, супраціўляешся законным патрабаванням міліцыі. Паўнейшае беззаконне. І Лукашэнка, які даўно аб’явіў вайну свайму ўласнаму народу, у выпадку з Курапатамі, аб’явіў вайну яшчэ народнай памяці і Богу. А гэта сур’ёзная рэч. Я думаю, нічога добрага яго на гэтым шляху не чакае.
Павел Севярынец сказаў, што ўмовы ў ізалятары часовага ўтрымання міліцыі Менскага раёну былі цярпімыя. Утрымліваўся ў двухмеснай камеры. Ён чытаў, пісаў, маліўся, думаў пра сям’ю. Сустракаць Севярынца прыйшло каля 20 чалавек яго паплечнікаў, абаронцаў Курапатаў і, канешне, сям’я — жонка Вольга разам з маленькім сынам Францішкам.
Беларускае Радыё Рацыя
***
20 красавіка з ізалятару часовага ўтрымання вызвалілі сустаршыню Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца. Ён адбываў чарговыя 15 сутак арышту за спробу спыніць «крыжалом» у Курапатах.
Пасля вызвалення ён адзначыў у камэнтары тэлеканалу «Белсат», што сваім ухваленнем зносу крыжоў кіраўніцтва Беларусі абвясціла вайну беларускаму народу, народнай памяці і Богу.
«А гэта вельмі сур’ёзная рэч. Я думаю, што нічога добрага Лукашэнку на гэтым шляху не чакае», — заявіў палітык.
Паўла Севярынца затрымалі 5 красавіка, але асудзілі толькі праз тры дні на 15 сутак адміністрацыйнага арышту: за дробнае хуліганства (5 сутак) і непадпарадкаванне міліцыі (10 сутак). У рапарце сведка-міліцыянт Удодаў, напісаў, што Севярынец «упіраўся нагамі ў зямлю».
18 красавіка над палітыкам адбыўся чарговы суд. Разам зь іншымі абаронцамі яму прысудзілі буйны штраф, агулам сума перавысіла 6000 рублёў ці амаль 3000 даляраў.
Фота Алеся Сіліча