Павал Усаў: Уладам выгадна, каб апазіцыя сабрала гэтыя 100 тысячаў подпісаў



Першыя вынікі збору подпісаў сведчаць пра глыбокі крызіс беларускай апазіцыі, мяркуе палітычны эксперт Павал Усаў.

Прычыны гэтага крызісу, паводле эксперта, палягаюць і ў агульнай апатыі беларускага грамадства, і ў тым, што апазіцыя не да канца разумее тыя працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі:

– З аднаго боку – расчараванне, з другога боку – цалкавітая камерцыялізацыя дзейнасці апазіцыі прывяла фактычна да таго, што мы маем на сённяшні дзень. Уладам, як раз выгадна, каб апазіцыя сабрала гэтыя 100 тысячаў. Прынамсі, адна ці дзве асобы, каб быў фон. Бо без апазіцыі перамога Лукашэнкі і ўвогуле гэтая кампанія выглядала бы смешна.

Перад выходнымі пра збор неабходных 100 тысяч подпісаў заявілі толькі прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” за першы тыдзень збору подпісаў у ЦВК падалі 55 тысяч галасоў за вылучэнне Сяргея Гайдукевіча, 22 тысячы за Віктара Цярэшчанку, 15 тысяч за Таццяну Караткевіч, больш за 10 тысяч за Анатоля Лябедзьку і больш за 6 тысяч за лідара апазіцыйных камуністаў Сяргея Калякіна.

Збор подпісаў працягнецца да 21-га жніўня.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя