Павел Казлоўскі: Парад трэба было перанесці



Былы міністр абароны Беларусі выказаў сваё стаўленне да ваеннага парада 9 траўня, які ўлады не збіраюцца ні пераносіць, ні адмяняць.

Павел Казлоўскі: Лічу, што правільнае рашэнне прынялі тыя краіны, якія вырашылі не праводзіць у такой сітуацыі парад. Навошта? У ім няма вялікага сэнсу. Калі падчас каронавіруса адмяняюць розныя масавыя мерапрыемствы, то чаму парад павінен стаць нейкім выключэннем? Бяспека людзей – найперш!

Нават, калі мерапрыемства юбілейнае, і да яго рыхтаваліся заранёў, то яго з лёгкасцю можна перанесці на больш позні тэрмін, калі сітуацыя будзе гэтаму спрыяць. Напэўна, усе каму патрэбна, гэта зразумелі б, і ні ў каго пытаняў не ўзнікала б.

РР: Чаму для кіраўніцтва Беларусі прынцыпова правесці парад?

Павел Казлоўскі: Для беларускага кіраўніцтва прынцыпова не толькі парад праводзіць, а ўвогуле падчас пандэміі рабіць усё па-свойму. Не так, як робяць іншыя краіны. Відаць, хочуць паказаць своеасаблівасць.

У краіне ўсё трымаецца на жаданнях і загадах аднаго чалавека – іншыя інстытуты ў такіх выпадках не працуюць і не могуць нічога зрабіць насуперак.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org.