Павел Казлоўскі: Ваенныя вучэнні – гэта нармальная з’ява



Былы міністр абароны Беларусі Павел Казлоўскі выказаў сваё стаўленне да вучэнняў войскаў НАТА ў Літве.

У беларускіх прапагандысцкіх СМІ прайшла хваля выступленняў, што, маўляў, “беларускі народ заклапочаны” натаўскімі вучэннямі на мяжы з Беларуссю. Натуральна, пасля таго, як выказаўся беларускі кіраўнік: “Ніколі яшчэ так дэманстратыўна да нашых граніц з-за акіяна не перакідваліся войскі”.

Павел Казлоўскі: Ваенныя вучэнні – гэта нармальная з’ява. Іх праводзіць кожная дзяржава, якае мае вялікую альбо малую армію, бо ў адваротным выпадку гэта ўжо не армія. Беларускія вайскоўцы таксама праводзяць вучэнні і самастойна, і разам з расейскімі калегамі. Літоўцы, як сябры НАТА, запрсілі да сябе натаўцаў. І маюць на гэта права.

Хаця, натуральна, не кожнаму прыемна, калі ў цябе перад носам бразгаюць зброяй. Але, паўтаруся, бразгаюць не на тэрыторыі чужой краіны, а на сваёй. Каб менш гэтага бразгання было, трэба суседзям дамаўляцца, больш ісці на нейкія кампрамісы адзін аднаму.

РР: Мяркую, што Літва не збіралася і не збіраецца ваяваць з Беларуссю, а ўсяго толькі хоча засцерагчы сябе ад галоўнага саюзніка Беларусі – Расеі…

Павел Казлоўскі: Магчыма, і так, але ёсць яшчэ адзін фактар. Сёння беларускія ўлады абураюцца ваеннымі вучэннямі натаўцаў у Літве на мяжы з Беларуссю, але ж і Літва не ў захапленні ад таго, што Беларусь пабудавала практычна на мяжы з Літвой атамную станцыю. Так што, як кажуць, з чым прыйшлі, тое і атрымалі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя