Павел Латушка абвясціў аб зыходзе з Каардынацыйнай Рады
Апазіцыйны палітык, намеснік Святланы Ціханоўскай у Аб’яднаным перахродным кабінеце і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка сыходзіць з Каардынацыйнай рады. Пра гэта ён заявіў падчас эфіру «Еўрарадыё».
Паводле слоў Латушкі, яго не задавальняе тое, што новае скліканне Каардынацыйнай Рады працуе над зменай стратэгіі «барацьбы з рэжымам Лукашэнкі», якая прадугледжвае магчымы дыялог з афіцыйным Менскам, а таксама абмеркаванне змякчэння санкцый супраць Беларусі.
«Я за тое, каб весці барацьбу. Унутры — гэта падпольны рух. За мяжой — беларуская прота-армія», — заявіў Латушка.
Павел Латушка як і офіс Святланы Ціханоўскай, і Аб’яднаны пераходны кабінет выступаюць за ціск на рэжым, у тым ліку з дапамогай санкцый, каб прымусіць Лукашэнку пайсці на саступкі, вызваліць палітвязняў і запусціць працэс палітычных змен у Беларусі з правядзеннем новых свабодных выбараў.
Таксама дэмакратычныя сілы раводзяць палітыку прыцягнення Лукашэнкі і яго памагатых да крымінальнай адказнасці ў міжнародная юрысдыкцыі. Некаторыя краіны Еўразвязу падтрымалі ідэю Латушкі аб стварэнні трыбунала для беларускага дыктатара.
Дэмакратычныя сілы ў рэалізацыі сваёй стратэгіі шмат супрацоўнічаюць з заходнімі палітычнымі інстытутамі. Святлана Ціханоўская рэгулярна сустракаецца с еўрапейскімі лідарамі, абмяркоўваючы менавіта пашырэнне ціску на рэжым Лукашэнкі.
У выпадку, калі Каардынацыйная рада вызначыць іншы парадак дня — з кампрамісам у дачыненні да афіцыйных уладаў Беларусі — гэта будзе радыкальна адрознівацца ад той лініі, якую вядуць Ціханоўская, Латушка і іх паплечнікі.
Каардынацыйная Рада па арганізацыі працэсу пераадолення крызісу — недзяржаўны палітычны і грамадзянскі орган на тэрыторыі Беларусі. Рада створаная з даручэння Святланы Ціханоўскай з мэтай прыняцця захадаў па стабілізацыі сітуацыі ў краіне, забеспячэння трансферу ўлады і абароны суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
КР была створана ў жніўні 2020 года, аднак пасля масавых рэпрэсій і эміграцыі чальцоў фактычна прыпыніла сваю дзейнасць. Перазагрузка рады адбылася пасля канферэнцыі дэмакратычных сіл, якая прайшла ў Вільні ў жніўні 2022 года. Пасля гэтага змяніўся склад Каардынацыйнай рады, куды ўвайшлі новыя людзі і структуры дэмакратычнага руху.
novychas.online