Павел Латушка: Еўрапейцаў найперш хвалююць праблемы, якія бліжэй
Новыя сектаральныя санкцыі. Пра іх гаворка ідзе ў новай рэзалюцыю, якую напярэдадні прыняў Еўрапейскі парламент на адмысловай пленарнай сесіі ў французскім Стразбурзе. У дакуменце гучыць „цвёрдая салідарнасць з Літвою, Польшчай і Латвіяй, а таксама з іншымі краінамі ЕЗ, якія нядаўна сутыкнуліся са спробамі беларускага рэжыму накіраваць значную колькасць мігрантаў і ўцекачоў да вонкавых межаў ЕЗ”.
Еўрапейцаў найперш хвалююць праблемы, якія бліжэй да іх. І нелегальная міграцыя літаральна на мяжы. Але там памятаюць і пра іншыя беларускія аспекты, кажа кіраўнік народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка:
– Непакояць канешне тыя праблемы, якія датычныя еўрапейцаў, а тое, што ідзе здзек над беларусамі, над беларускім народам, на жаль у меншай ступені. Журналіст спрабуе напісаць праўду, спрабуе напісаць свой пункт гледжання, нават перадаючы пункт гледжання іншых людзей і за гэта яго хочуць пакараць. У Беларусі няма незалежных СМІ, у Беларусі няма незалежнай прэсы, функцыянаваць ужо нікому немагчыма. Закрытыя або ў стане закрыцця 275 пазаўрадавых арганізацый.
Рэзалюцыя, што прынялі ў Еўрапарламенце – дакумент, якім будзе кіравацца Еўрапейская Рада, сход кіраўнікоў дзяржаваў Еўразвязу ў Бруселі – роўна праз 2 тыдні. Гэта пазіцыя абсалютнай большасці еўрапейскіх дэпутатаў. Усяго галасавалі 674 еўрадэпутаты, з іх 506 – за.
Беларускае Радыё Рацыя