Павел Латушка: Францыя не лічыць Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі



Менск – Парыж. Лукашэнка не ёсць легітымным прэзідэнтам Беларусі. Гэта афіцыйная пазіцыя Францыі. З прадстаўнікамі французскага боку правёў сустрэчу лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, былы беларускі амбасадар у Парыжы.

– Я сустракаўся з дарадцам прэзідэнта Францыі Ізабэль Дзюмон у кабінеце прэзідэнта, таксама былі сустрэчы з высокімі прадстаўнікамі знешнепалітычнага ведамства Францыі. Падчас сустрэчы з паслом па правах чалавека яна была проста ў шоку ад той інфармацыі, якую я ёй перадаў наконт гвалту і парушэнняў правоў чалавека, якія маюць месца сёння ў Беларусі. Я зразумеў, што недастаткова інфармацыі ў французскіх палітыкаў, зразумеў гэта і падчас сустрэчы з дарадцам прэзідэнта Францыі.

Па словах Латушкі, Францыя гатовая падтрымаць 4-ты пакет санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, ужо некалькі месяцаў гэтае пытанне стаіць на парадку дня. Акром таго, на сустрэчы абмяркоўвалася магчымасць міжнароднае канферэнцыі па справах Беларусі.

– Таксама вельмі важна тое, што я пачуў, што ні ў якім разе ніколі Францыя не праводзіла і не будзе праводзіць размен пытання аб Беларусі ў размовах з трэцімі краінамі, што Францыя падтрымлівае незалежнасць, суверэнітэт Беларусі. І важна, што адбылося два інтэрв’ю вядучым французскім газетам. Фактычна я, як еўрапеец, звярнуўся да еўрапейцаў французаў з інфармацыяй пра тое, што сапраўды дзеецца сёння ў цэнтры Еўропы ў Рэспубліцы Беларусь.

Францыя з’яўляецца адной з вядучых краінаў у Еўрапейскім Звязе, і ад яе залежаць шмат у чым тыя крокі і дзеянні, якія можа ажыццяўляць ЕЗ у адносінах да Беларусі, падкрэсліў Павал Латушка.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя