Павел Латушка: Гэта помста загнанага ў кут Аляксандра Лукашэнкі
Рэпрэсіі не скончацца. Гэта помста загнанага ў кут Аляксандра Лукашэнкі. Так пра палітычны пераслед апанентаў кажа кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.
Палітык нагадвае, што зараз у Менску судзяць Максіма Знака і Марыю Калеснікаву. Працэс пачаўся ў жніўні, праходзіць ў закрытым рэжыме. Сваёй віны абвінавачаныя не прызнаюць. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі зняволенымі, нагадвае Павел Латушка, які таксама уваходзіў у склад Каардынацыйнай рады, што паўстала роўна год таму, каб пераадолець палітычны крызіс.
– Рэжым будзе далей рэпрэсаваць. Я калі гляджу суд над Марыяй, ведайце, мяне натхняя, што гэтая цудоўная жанчына паказвае ўсмешку. Я пазнаў яе перад стварэннем Каардынацыйнай рады. Мы сустрэліся, і яна прапанавала ўвайсці ў Каардынацыйную раду. Пазней мы былі разам на розных мітынгах, маніфестацыях. З Максімам Знакам, вельмі таленавіты чалавек, юрыст, прафесіянал, таксама размаўлялі.
18 жніўня 2020 года адбылася першая прэс-канфэрэнцыя Каардынацыйнай рады, пра стварэнне якой стала вядома на два дні раней. На той канферэнцыі прысутнічалі Вольга Кавалькова, Павал Латушка і Сяргей Дылеўскі, якія зараз за мяжой. А таксама Марыя Калесьнікава і Максім Знак, якіх зараз судзяць у Беларусі. Абаіх палітзняволеных вінавацяць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу, агулам ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя