Павел Латушка: Краінай фактычна кіруюць сілавікі



Сёння краінай фактычна кіруюць сілавікі, перш за ўсё КДБ, а лінія закона стала перарывістай, – заявіў 18 жніўня звольнены напярэдадні гендырэктар Купалаўскага тэатра, былы дыпламат Павел Латушка на прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў каардынацыйнай рады, ініцыяванай кандыдатам у прэзідэнты Святланай Ціханоўскай.

Паводле Латушкі, каардынацыйная рада па трансферы ўлады павінна стаць „грамадскай платформай для выпрацоўкі падыходаў па далейшым вырашэнні складанай сітуацыі ў краіне”. Латушка падкрэсліў, што прымяненне закона ў Беларусі стала мець „яркія і відавочныя прагалы”.

„Закон вельмі часта не дзейнічае ў нашай краіне, яго проста не існуе. Мы жывём па паняццях, па меркаваннях, па думках, але не ў межах дзейнага заканадаўства”. Латушка таксама лічыць, што ў цяперашні час у органах дзяржаўнай улады Беларусі праходзіць так званая італьянская забастоўка.