Павел Латушка: Лукашэнка баіцца транзіту ўлады, бо бачыць прыклад Назарбаева



„Госць Рацыі” – намеснік старшыні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

РР: У Беларусі ўжо пачаліся размовы пра выбары, прынамсі, Аляксандр Лукашэнка два разы казаў ужо, што варта рыхтавацца да выбарчай кампаніі 2024 года. І сустракаўся з Карпенкам, які зараз старшыня ЦВК, ужо пачаліся працэсы падрыхтоўкі да выбараў. Хацеў бы звярнуць увагу, што Лукашэнка, гаворачы пра выбары, прыгадаў ЗША і сказаў, што там зусім няма ніякай дэмакратыі, няхай яны паглядзяць на беларускія выбары, як гэта павінна адбывацца. Якая рэакцыя можа быць на гэта?

Павел Латушка: Па-першае, калі мы паглядзім, колькі прэзідэнтаў змянілася, пакуль Лукашэнка яшчэ пануе ў Беларусі, вось вам і адказ на тое, ці ёсць дэмакратыя ў ЗША ці няма дэмакратыі. Колькі кангрэсменаў, сенатараў змянілася за гэты час і якім чынам адбываюцца ўсе гэтыя працэдуры. Як працуюць незалежныя СМІ і ўвогуле СМІ ў ЗША. Таму гэта дыскусія проста бессэнсоўная. Мы павінны зразумець, што галоўным прынцыпам дэмакратыі з’яўляецца змяняемасць улады. Калі змяняемасці ўлады няма, то яна пераўтвараецца ў аўтакратыю, дыктатуру, таталітарную сітэму – тое, што мы і назіраем цягам фактычна 30 гадоў панавання ў Беларусі Лукашэнкі. Калі ён проста ўжо не аддае сабе справаздачы, што з рэчаіснасцю. Ён ужо лічыць, што толькі ён можа думаць за ўвесь беларускі народ, толькі яму належыць гэтае адзінае права, бо ён нават кажа, „калі вайна, калі трэба будзе ўжыць ядзерную зброю, то я буду яе ўжываць, мне не патрэбныя ніякія кансультацыі з грамадствам”. Для мяне гэта проста непрымальная сітуацыя! Гэта хворы чалавек, які зараз пануе ў Беларусі. Я думаю, што большасць беларусаў згодныя са мною.

РР: Лукашэнка сказаў, што мы дакладна ведаем, што 80% беларусаў падтрымліваюць абраны курс. Гэта значыць, што ўжо рыхтуюцца да гэтых 80%?

Павел Латушка: Давайце яшчэ зразумеем адно, выбарамі гэта назваць нельга. Па першай прычыне, што на сённяшні дзень легальнай, легітымнай улады на тэрыторыі Беларусі няма. Ні Лукашэнка, ні яго кішэнны парламент не маюць права прызначаць выбары ў Беларусі, бо яны не з’яўляюцца легітымнымі, прызнанымі органамі ўлады. Таму давайце называць гэтыя выбары так званымі. Іх і раней у Беларусі не было, бо Лукашэнка заўсёды, калі мы гаворым пра парламенцкія кампаніі, вызначаў асабіста спісак. Таму выбараў у Беларусі няма і не будзе да той пары, пакуль Лукашэнка будзе знаходзіцца функцыянальна пры ўладзе ў нашай краіне. 80% – гэта яго мара. Ён ніколі не атрымаў у Беларусі 80% галасоў, нават у 1994 годзе.

РР: А калі Беларусь пойдзе па шляху пераемніка, калі Лукашэнка скажа, што больш не будзе балатавацца, гаварылі пра Качанаву і яшчэ пра нейкіх людзей.

Павел Латушка: Лукашэнка можа мець такі запасны варыянт. Да нас таксама даходзяць чуткі, што ён можа рыхтавацца да гэтага транзіту, але ён будзе вельмі баяцца гэтага. Ён бачыць прыклад Назарбаева. Тое, што адбылося ў Казахстане. І ён запалоханы гэтай сітуацыяй. Я не ўяўляю сабе, каб Лукашэнка адмовіўся ад кантроля над сілавым апаратам. Бо не кантраляваць так, як ён сёння кантралюе сілавы апарат, гэта значыць стварыць рызыку яго далейшага існавання ў Беларусі. Ён, канешне, ужо падрыхтаваў сабе запасны аэрадром у Кітаі, там, дзе яго сын Коля ўжо, і таму беларусы павінны ведаць, куды ён у першую чаргу пабяжыць, калі сітуацыя зменіцца – гэта менавіта Кітай. Канешне, на транзіт ён можа пайсці, але я на гэта гляджу скептычна.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя