Павел Латушка: Лукашэнка – гэта злачынец



У нашым эфіры пабываў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

РР: Лукашэнка не мог выгаварыць назву вашай структуры. Гэта сведчыць пра гульню?

Я хачу сказаць, што хутчэй за ўсё Лукашэнка наўмысна гэта зрабіў, мы ж чулі, ён называў правільна і няправільна. Ён хацеў публічна паздзекавацца з нас, паабражаць і гэта дэманстраваў. Выснова ад таго, што мы пачулі з вамі на так званым пасланні яго парламенту, што спічрайтар спісаўся, а спікер адрахлеў. Фактычна нічога новага ён не сказаў. Усе наратывы старыя, палітычныя і з пункту гледжання развіцця дзяржавы, усё гэта мы чуем апошнія месяцы і гады, пасля таго, як ён сфальсіфікаваў выбары і сілай утрымлівае ўладу. Адзіная канешне вельмі важная рэч, якая нас усіх непакоіць, гэта ядзерная зброя.

РР Ён сказаў пра „пахудзець”, вы ўвогуле звярнулі на гэта ўвагу?

– Я б не хацеў абмяркоўваць яго прыватныя праблемы, але мы бачым, што праблемы са здароўем ёсць. Але не ў гэтым пытанне, мы павінны рабіць усё, каб змяніць сітуацыю ў Беларусі, а не спадзявацца на тое, што яна сама зменіцца. Я думаю, што шмат беларусаў раніцай прачынаецца, глядзіць навіны, а можа, а можа менавіта цяпер, а можа гэтай ноччу.

РР: Тэма абмену палонных прагучала, яму прапанавалі Анджэя Пачобута на вас.

– Я думаю, што гэта гульня канешне, публічная, прапагандысцкая. Ён кінуў пальчатку і канешне хацеў праверыць наколькі нашая пазіцыя будзе моцная. Мы кажам абсалютна ясна, абсалютна дакладна, што для нас важны лёс усіх беларускіх палітзняволеных, якія сёння знаходзяцца пад гвалтам у беларускіх турмах. Мы ведаем, што толькі за мінулы тыдзень было хіба дзве спробы скончыць жыццё самагубствам сярод палітзняволеных. Можам уявіць, у якія яны жахлівых варунках. Праблема нават у тым, што мы не ведаем колькі іх. „Вясна” падае 1466, іншыя праваабарончыя арганізацыі падаюць 1750, эксперты кажуць нават пра 5000. Мы прынялі рашэнне мужчынскім складам Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, гэта 14 галасоў, якія прагаласавалі, калі так стаіць пытанне, то я – Павел Латушка і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне ў праўленне, мужчыны, гатовыя пайсці ў якасці закладнікаў, каб вызваліць усіх палітзняволеных, але ўсіх палітзняволеных, гэта наш прынцыповы падыход.

Беларускае Радыё Рацыя