Павел Латушка: Лукашэнка і яго паплечнікі ажыццяўляюць ваеннае злачынства



У нашым эфіры пабываў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

РР: Ваш візіт у Кіеў крыху нечаканы, бо ўкраінская дзяржаўная адміністрацыя не так часта ідзе на кантакт з палітыкамі беларускай дэмакратычнай апазіцыі. Як вы зазначылі: „Мы не прыйшлі да ўкраінцаў прасіць, мы пытаем у чым можам дапамагчы”. У чым менавіта?

Так, сапраўды, наш галоўны тэзіс быў у тым, што мы прыйшлі дапамагаць, а не прасіць. Гэта галоўнае, што мы казалі ў Кіеве. Мы прынеслі справаздачу, якая была падрыхтаваная Народным антыкрызісным упраўленнем Беларусі, па фактах удзелу так званай „Саюзнай дзяржавы” Беларусі і Расеі ў перамяшчэнні, дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі. Таксама ў прымусовай пераадукацыі ўкраінскіх дзяцей. Мы прадставілі гэты дакумент падчас сустрэчы ў Генеральнай пракуратары Украіны, у ўпаўнаважанага па правах чалавека ў Вярхоўнай радзе Украіны, таксама ў офісе прэзідэнта Зяленскага. Размаўлялі мы пра гэта з міністрам інфармацыі Украіны, буйнейшымі паліталагічнымі цэнтрамі, адбылося шмат сустрэч. Мы фактычна ўсталявалі, што на тэрыторыі Беларусі, што Лукашэнка і яго паплечнікі ажыццяўляюць ваеннае злачынства. Прадставілі пункт гледжання нашых юрыстаў, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, абсалютную доказную базу таго, што гэтыя злачынствы кваліфікуюцца, як ваенныя злачынствы. Адпаведна гэтыя матэрыялы пойдуць не толькі ў Генеральную пракуратуру, дзе яны ўжо знаходзяцца і будуць дапаўняцца, але і ў міжнародны крымінальны суд у Гаазе.

РР: Вы прыйшлі з фактамі, а факты шакуючыя. Напрыклад, стала вядома, што „Беларуськалій” фінансава падтрымлівае гэтыя злачынныя дзеянні.

Так, гэта дзве крыніцы фінансавання. Тут трэба звярнуць увагу, што новае нам удалося адкрыць, пра што не ведаў практычна ніхто. Гэта тое, што ў арганізацыі гэтых злачынстваў удзельнічае так званая „Саюзная дзяржава” Беларусі і Расеі. Гэта ўвогуле асаблівая тэма для дыскусіі, якую мы абмяркоўвалі з Міхаілам Падаляком, дарадцам офіса прэзідэнта Украіны і ў Вярхоўнай Радзе Украіны. Менавіта тое, што „Саюзная дзяржава” фінансуе прымусовую дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей, а рашэнне падпісвае асабіста Лукашэнка. Трэба не забываць, што Лукашэнка вельмі марыў кіраваць у Маскве. Фармальна ён з’яўляецца старшынём вышэйшага савета „Саюзнай дзяржавы” Беларусі і Расеі. Усе рэзалюцыі звязаныя з падтрымкай гэтага злачынства ён падпісвае седзячы ў Маскве. Горад Масква, нумар, дата, подпіс, Аляксандр Лукашэнка. Пуцін, дарэчы, у яго намесніках, таму Лукашэнка канкрэтна ў гэтай сітуацыі з’яўляецца яго маленькім босам. Другая крыніца фінансавання – гэта дзяржаўная кампанія „Беларуськалій”. Галоўны лагер, дзе знаходзяцца дзеці, гэта лагер „Дубрава” у Салігорскім раёне Менскай вобласці. Гэта галоўны пункт, куды завозяць украінскіх дзяцей, дзе яны знаходзяцца. Мы перадусім факусуемся на дзецях ад 6 да 15 галоў, сірот. Нам ужо ўдалося ўстанавіць як мінімум 13 сірот, якія былі вывезеныя на тэрыторыю Беларусі. „Беларуськалій” не толькі ўладальнік гэтага лагеру, але ён выдаткоўвае фінансы на забеспячэнне транспарціроўкі дзяцей на тэрыторыю Беларусі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя