Павел Латушка: Лукашэнка выконвае ролю ў вайне, якую распісалі яму ў Крамлі
Госць Радыё Рацыя — кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.
РР: Калі мы сочым за роляй афіцыйнага Менску, за роляй Аляксандра Лукашэнкі ў гэтай расейска-украінскай вайне, то нібыта былі розныя перыяды, была такая інфармацыя, што меліся ўвайсці расейскія салдаты, потым спакайней было, зараз зноў вельмі грозныя інфармацыі прыходзяць.
Павел Латушка: Я думаю, першае, з чым мы павінны разабрацца, гэта адносна ролі Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны. Мне здаецца, трэба спыніць дыскусіі, якія ствараюць ілжывае ўспыняцце ў беларускім грамадстве, нібыта Лукашэнка спрабуе выбавіцца і не ўвайсці ў вайну супраць Украіны. Ён даўно ўдзельнік вайны. Запусціў расейскія войскі яшчэ да 24 лютага на тэрыторыю Беларусі, згадаем, як ён заявіў публічна на паседжанні Савета бяспекі, а затым у Крамлі ў Пуціна пра тое, што 23 лютага ў 23.00 першыя ракеты паляцелі з тэрыторыі Беларусі ва Украіну. Памятаеце гэты мем: а цяпер я пакажу, адкуль на Беларусь рыхтаваўся наступ. І тады заявіў, што ён першым пачаў абстрэл тэрыторыі Украіны, толькі праз некалькі гадзін расейскія войскі ўвайшлі ва Украіну, і ўвайшлі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Ён парушыў дамову аб дзяржаўнай мяжы, дамову аб дружбе з Украінай. Ён прадставіў Расеі ўсю ваенную інфраструктуру, усе ваенныя аэрадромы. Каля 700 ракет з тэрыторыі Беларусі стартавалі ў бок тэрыторыі Украіны. Вялікая колькасць загінуўшых. Гэта ўсё віна і адказнасць Лукашэнкі. Трэба гэта прыняць як зыходную пазіцыю.
Сёння ідзе толькі пра адно: ці дасць ён загад беларускім узброеным сілам увайсці па зямлі на тэрыторыю Украіны. Ён не прымае гэтае рашэнне не таму, што на яго слаба цісне Пуцін. Проста таму, што ён баіцца гэтага рашэння. Ён разумее, што ўзброеныя сілы Беларусі не здольныя да рэальных баявых дзеянняў; няма ні ваенна-тэхнічнага патэнцыялу, ні матэрыяльнай базы, ні чалавечага рэсурсу, ні матывацыі; а з другога боку ён баіцца, што салдаты, найперш тэрміновай службы, могуць павярнуць зброю ў іншы бок. Ва Украіну можа ўвайсці толькі беларускі спецназ і толькі разам з расейскімі войскамі. А сёння роля Лукашэнкі – максімальная актыўнасць побач з мяжой. Гэта не правакацыі, гэта ягоная роля, распісаная ў рамках стратэгічнага плану вайны Расеі пры ўдзеле рэжыма Лукашэнкі супраць Украіны. Гэтую ролю ён і выконвае. Гэта яго ўклад у гэтую жахліваю вайну.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя