Павел Латушка: Мы будзем ісці гэтай дарогай, нягледзячы на ўсе пагрозы, якія стварае рэжым



Госць Рацыі – намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. З ім размаўляў Улад Грынеўскі.

РР: Спадар Павел, вам акурат ёсць што расказаць і на адну, і на другую тэму. Вы яшчэ ўчора былі ва Украіне. Вярнуліся. Давайце падвядзём своеасаблівыя вынікі гэтай паездкі. Якія найважнейшыя мэты стаялі перад вамі?

Павел Латушка: Першае, што тычыцца Кіева. Там галоўная тэма – мы дамовіліся сустрэцца з кіраўніцтвам палка Каліноўскага. Сустрэча адбылася. Яна доўжылася некалькі гадзінаў. Больш за чатыры гадзіны. Пазней яшчэ працягвалася. Гэта былі важныя размовы. Было што сказаць за мінулае, было што падсумаваць на сёння і зразумець адзін аднаго, што варта рабіць у перспектыве. Зразумела, не пра ўсё можна сказаць публічна. Але важна, што такі кантакт адбыўся. Практычна ўпершыню ўпоўнаважаны кабінета прымаў удзел у гэтай сустрэчы. Святлана Ціханоўская ўдзельнічала праз zoom. Быў таксама Франак Вячорка, старшы дарадца Офіса Святланы Ціханоўскай. І была даволі прадметная размова. Мы бачым, канешне, ролю нашых хлопцаў, дзяўчат, якія змагаюцца за вызваленне Украіны, і, канешне, мараць вызваліць Беларусь. Менавіта пра гэта і была размова – што мы павінны зрабіць сёння, каб заўтра вызваліць нашую родную Бацькаўшчыну, нашую Беларусь.

Яшчэ былі важныя сустрэчы з улікам тых накірункаў дзейнасці, за якія я адказваю ў Аб’яднаным пераходным кабінеце, гэта з прадстаўніком Офіса амбудсмена Украіны Аляксандрам Кананенкам. Тэматыка звязаная з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей. Вы ведаеце, што НАУ вядзе гэтую справу. Мы падалі ў Гагу адпаведную камунікацыю, каб прыцягнуць да адказнасці і выдаць ордар на арышт Лукашэнкі і яго чатырох памагатых. Мы, на жаль, маем яшчэ больш горшую інфармацыю аб ролі рэжыму ў гэтых ваенных злачынствах. Мы прадставілі ў Офісе амбудсмена, а на наступны дзень я сустракаўся з пракурорам Генеральнай пракуратуры Украіны, якая вядзе менавіта тэматыку прыцягнення да адказнасці за незаконнае перамяшчэнне дзяцей, мы прадставілі інфармацыю аб тым, што ўжо больш за 50 дзяцей-сірот намі ўстаноўлена, і гэта сведчанне злачынстваў. Таксама, на жаль, мы маем сведчанні, што частка з гэтых дзяцей вывозілася на ўсынаўленне на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі. І гэта таксама яшчэ адно пацверджанне злачынстваў. Мы вельмі дакладна зразумелі адзін аднаго, што трэба зрабіць: а) дапамагаць вярнуць украінскіх дзяцей на радзіму; б) што трэба зрабіць, каб спыніць гэтыя злачынствы; в) што мы павінны зрабіць дадатковага, каб прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці, як у рамках нацыянальнага заканадаўства Украіны, так і ў рамках міжнароднага заканадаўства, у рамках міжнароднага крымінальнага суду ў Газе. І тут вельмі дакладныя рэчы, бо ў нас вельмі добрыя юрысты, мы працуем і будзем працягваць гэтыя дзеянні, нягледзячы на ўсе пагрозы, якія ствараем гэты рэжым мне асабіста. Мы будзем ісці гэтай дарогай.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя