Павел Латушка: Мы не павінны здавацца
Афіцыйны Менск высылае своеасаблівыя сігналы на Захад. Іх заўважыў і аналізуе апазіцыйны палітык Павел Латушка, які спасылаецца на артыкул праўладнага палітолага.
Паводле Латушкі аўтар сцвярджае, што „Лукашэнка зусім не такі жудасны, як яго малююць на Захадзе” і заклікае да ацяплення адносінаў. З боку еўрапейскіх палітыкаў ды дыпламатаў – няма ніякіх сігналаў, якія б сведчылі, што яны гатовыя спакусіцца на кантакты, дыялог з Аляксандрам Лукашэнка і яго атачэннем, аналізуе сітуацыю палітык Павел Латушка:
– Усе рэалістычна ацэньваюць яго дзеянні за апошнія тры гады, яго персанальную адказнасць за злачынствы – ваенныя злачынствы звязаныя з дэпартацыяй украінскіх дзяцей, і за злачынствы супраць чалавечнасці, злачынствы супраць беларусаў. На сённяшні дзень мне падаецца, што гэта сітуацыя нерэалістычная, зразумела, што жыццё можа ўносіць нейкія карэктывы, змены. Мы павінны стаяць цвёрда на гэтай пазіцыі. Лукашэнка павінен адказаць за злачынствы, на ім павінна быць чорная метка. Зразумела, што геапалітычная сітуацыя ў свеце можа не зусім на карысць нам, але мы не павінны здавацца.
Павел Латушка кажа, што далей беларуская апазіцыя працуе пад узмацненнем ціску на ўлады, якія кіруюць у Менску. Для гэтага важна шырэй наладжваць міжнародныя кантакты. Сам намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка на гэтым тыдні правёў шэраг сустрэч у Празе ў рамках форума, дзе між іншым абмяркоўвалі пытанні бяспекі ў рэгіёне.
Беларускае Радыё Рацыя