Павел Латушка: Мы паказалі адзінства беларусаў
Намётавыя мітынгі ля памежных пераходаў на польска-беларускай граніцы згарнуліся, але працягваюцца на ўкраінска-беларускай і летувіска-беларускай межах.
Вынікі ў нашым эфіры падвёў лідар НАУ Павел Латушка:
– Па-першае, мы паказалі адзінства беларусаў, якія вымушаны знаходзіцца па-за межамі краіны пасля 9 жніўня мінулага года, тых падзей, якія адбыліся ў нашай краіне. Па-другое, мы правялі гэтую акцыю не толькі ў Польшчы, яна пашырылася. Учора акцыі былі ля пагранічных пераходаў: і ў Баброўніках, і ў Кузніцы, і ў Кукурыках, і Цярэспалі, у Літве ў Медзінінкаі, ва Украіне ў Новай Гуце. На жаль, латвійскія ўлады не далі згоду на пікетаванне, альбо блакаванне дарог каля мяжы. Таму дыяспара сабралася ў Рызе. Такім чынам, гэта ўсё паказвае, што мы адзіныя. Мы фактычна абнялі сваімі рукамі нашу родную Беларусь і яшчэ раз сказалі, што мы хочам вярнуцца.
Асноўнымі патрабаваннямі мітынгоўцаў заставаліся: хуткія і эфектыўныя санкцыі Еўразвязу супраць рэжыму Лукашэнкі, адкрыццё наземных межаў Беларусі для грамадзянаў краіны, вызваленне рэжымам палітвязняў і свабодныя выбары. Аднак палітолаг Павел Усаў абазначыў як галоўную мэту акцыяў на мяжы – медыйны эфект.
– Галоўная мэта дадзеных акцый – каб утрымаць Беларусь у палітычнай прасторы нашых суседзяў – Польшчы, Літвы. Ну і таксама ў прасторы еўрапейскіх краінаў. Асабліва перад самітам НАТА. А таксама перад паседжаннем Еўрапейскага парламента адносна ўвядзення палітычных санкцый у Беларусі. Бо мы ведаем, што як толькі іншыя справы, іншыя праблемы ўваходзяць на інфармацыйную прастору Еўропы, Беларусь паволі са сваімі праблемамі знікае.
Дадамо, што ля ПП Медзінінкай сёння, 13 чэрвеня, адкрылася мастацкая выстава. Экспазіцыя прысвечаная беларусам, якія змагаюцца за сваю волю і Радзіму. Карціны можна набыць, атрыманыя сродкі пойдуць на дапамогу рэпрэсаваным журналістам.
Беларускае Радыё Рацыя