Павел Латушка: На сённяшні дзень легітымнай улады ў Беларусі няма
Аляксандр Лукашэнка чарговы раз агучвае тэзу, што нават 80 працэнтаў грамадства яго падтрымліваюць. Апазіцыя нагадвае – гэта толькі яго мара. У Беларусі рыхтуюцца да электаральнай кампаніі: у 2024-ым выбіраюць так званы парламент па новай Канстытуцыі. Лукашэнка не аднойчы закранаў гэту тэму, дзе і прагучала пра высокі ровень падтрымкі дзейнай улады. Каментуе намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі, беларускі палітык Павел Латушка:
80 адсоткаў — гэта яго мара, гэта яго жаданне. Ён ніколі не атрымаў у Беларусі 80 адсоткаў галасоў, — здаецца, што таксама ў яго не было падчас першых выбараў, а пазней ён ніколі не набіраў гэтую лічбу, — але ён хоча не ствараць трыгерную сітуацыю, бо калі ён скажа 70%, тады хтось скажа, глядзіце: 30% супраць — паўтара мільёна, і канец яго ўладзе. Таму ён не хоча ствараць гэтых трыгераў, таму ён будзе ставіць гэтую планку, як заўсёды 80 адсоткаў і не менш.
На сустрэчы з кіраўніком цэнтрвыбаркама Аляксандр Лукашэнка сказаў «Нас падтрымлівае 80% грамадзян», таму трэба працягваць вызначаную лінію». Павел Латушка — прыгадвае галоўную праблему беларусаў — адсутнасць выбараў.
Выбарамі гэта назваць нельга, бо на сённяшні дзень легітымнай улады на тэрыторыі Беларусі няма. Лукашэнка і ягоны кішэнны парламент не маюць права прызначаць ніякіх выбараў у Беларусі, бо яны не з’яўляюцца легальнымі, легітымнымі, прызнанымі ворганамі ўлады. Зразумела, функцыянальна яны існуюць у Беларусі — гэта рэчаіснасць, з якою мы лічымся, але гэта не азначае, што яны могуць ствараць нейкія легітымныя інстытуты, тым больш развіваць нейкія кампаніі.
На 25 лютага 2024 году ў Беларусі прызначаны парламенцкія і мясцовыя выбары. Гэта мае быць адзіны дзень галасавання.
Беларускае Радыё Рацыя