Павел Латушка: Несвабодныя людзі ніколі не абароняць незалежнасць сваёй краіны



“Свабода і незалежнасць” – гэтыя словы вызначаюць сённяшні дзень для Паўла Латушкі.

Былы дыпламат і дырэктар Купалаўскага тэатра, а цяпер кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання, распавёў для нашага радыё, чым для яго ёсць Дзень Волі – 25 Сакавіка:

– Гэта свята. Свята нашай Незалежнасці. Свята нашай гісторыі. І перакананы, што не толькі сённяшняга дня, але і будучыні Беларусі. Я ўпэўнены ў тым, што не магчымае існаванне і далейшае развіццё незалежнай краіны Рэспублікі Беларусь без захавання свабоды і правоў чалавека. А калі людзі несвабодныя, яны ніколі не змогуць захаваць незалежнасць краіны. Свабода і незалежнасць – гэта два словы, якія сёння будуць са мною разам.

Сёлета на Дзень Волі Павел Латушка заклікаў беларусаў не збірацца ў агульныя калоны і не выходзіць на праезныя часткі, а проста выходзіць на вуліцы сваіх гарадоў, паказаўшы такім чынам, што нашы сэрцы б’юцца ў адзіным рытме. “Мы выходзім, каб пачаць нашу пратэставую вясну. Дзеля сябе. Дзеля адно аднаго. Дзеля нашай свабоды”, – кажа палітык.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя