Павел Латушка: Падпісаныя Лукашэнкам саюзныя праграмы нелегітымныя
Падпісаныя Лукашэнкам і Пуціным саюзныя праграмы ёсць нікчэмнымі. Гэтак выказаўся лідар Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

– Першае. Мы сыходзім з таго, што Лукашэнка страціў легітымнасць з 5 лістапада 2020 года, у тым ліку і на прыняццё якіх-кольвечы міжнародна-прававых дакументаў. У сувязі з гэтым, заключаныя Лукашэнкам 4 лістапада 2021 года пагадненні з Расейскай Федэрацыяй з’яўляюцца юрыдычна нікчэмнымі і не могуць быць прызнанымі. Другое. Крыніцай улады ў Беларусі з’яўляецца толькі беларускі народ, які мае права вызначаць свой лёс праз непасрэдны ўдзел у прыняцці рашэнняў, або праз фармаванне прадстаўнічых органаў улады. У Беларусі няма легітымных органаў улады кіравання, а беларускі народ не выказаў сваёй волі на заключэнне такіх пагадненняў.
Таксама Павел Латушка выступіў за выключна раўнапраўныя адносіны беларускага грамадства з усімі міжнароднымі партнерамі. Лідар НАУ адзначыў, што Расея здзяйсняе стратэгічную памылку, паглыбляючы супрацу з Лукашэнкам.
Беларускае Радыё Рацыя
