Павел Латушка: Першапрычынай гэтых злачынстваў з’яўляецца вайна
Дакументы для Украіны ў справе выкрадання дзяцей. Прадстаўнікі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення перадалі ў Генеральную пракуратуру Украіны шэраг дакументаў, якія ўтрымліваюць доказы ўчынення ваенных злачынстваў прадстаўнікамі Аляксандра Лукашэнкі.

Пра гэта паведамляе кіраўнік ініцыятывы, беларускі палітык Павел Латушка. Але ў рамках расследавання прадстаўнікі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення ўстанавілі і іншыя факты. Пра іх Павел Латушка расказаў у нашым эфіры.
– На жаль, некаторыя з дзяцей-сірот не вярнуліся на акупаваную тэрыторыю Украіны, яны зніклі на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Гэта тая новая прыкрая навіна, якой упершыню я дзялюся з вамі. І гэта трэба таксама зразумець, што гэта яшчэ адзін доказ злачынстваў, якія ажыццяўляе Лукашэнка. Мы можам дыскутаваць вельмі шмат – штосьці добрае, ці дрэннае робяць для гэтых дзяцей. Але трэба зразумець прычыну. Першапрычынай з’яўляецца вайна.
У матэрыялах, якія перадалі Украіне, між іншым пашыранае відэа, дзе спявачкі сёстры Груздзевы заклікаюць да фізічнай ліквідацыі кіраўнікоў ЗША і Украіны. Яно шырока распаўсюджвалася ў сецеве. Раней НАУ перадало зварот у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе, дзе знаходзіцца як гэтае відэа, так і шматлікія іншыя доказы ваенных злачынстваў, якія здзяйсняюцца Лукашэнкам і яго атачэннем.
Беларускае Радыё Рацыя
