Павел Латушка: Польшча гатова зачыняць памежныя пераходы
Сітуацыя на беларуска-польскай мяжы абвастраецца. Дэмакратычныя сілы Беларусі актыўна выступаюць за павелічэнне санкцый супраць Аляксандра Лукашэнкі і яго паплечнікаў.
У самой краіне актыўна выносяцца жорсткія прысуды: праваабаронцу Алесю Бяляцкаму – 10 год турмы, журналісту Анджэю Пачобуту – 8, Святлане Ціханоўскай – 15 год калоніі завочна…
Прадстаўнік Аб’яднага пераходнага кабінету Павел Латушка таксама атрымаў завочны вырак: 18 год калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён стаў „Госцем Рацыі” і адказаў нашаму варшаўскаму карэспандэнту на найбольш вострыя міжнародныя пытанні.
РР: Існуе верагоднасць, што польска-беларуская мяжа будзе зачынена. Што думаеце?
– Намеснік міністра Унутраных спраў Польшчы зрабіў вельмі дакладную заяву. Калі Лукашэнка і яго рэжым не пойдуць на вызваленне Анджэя Пачобута, не будуць вызваляць палітзняволеных, то Польшча гатова рухацца далей, зачыняць памежныя пераходы. Зразумела, што мы стаім на пазіцыі і мы баронім яе, ёсць паразуменне і з польскім бокам, што гуманітарныя калідоры для простых людзей не будуць зачыняцца і рух будзе. Размова ідзе пра перамяшчэнне тавараў. Мы кажам пра вялікагрузы або пра чыгунку. Мы таксама бачым, што і ў Літве, урад Літвы і прэзідэнт Літвы, таксама паднялі гэта пытанне пра закрыццё мяжы ў сувязі з парушэннем санкцыйных рэжымаў з боку прадпрыемстваў Лукашэнкі. Чаму гэта дзеянне ажыццяўляецца? На гэты момант фактычна пастаўлены паўзу чарговы санкцыйны пакет у адносінах да рэжыму Лукашэнкі, санкцыйны пакет, які менавіта павінен ліквідаваць усе магчымасці абыходу санкцый і павялічыць ціск на Лукашэнку дзеля таго, каб дамагацца вызвалення палітзняволеных. Фактычна сёння Польшча і Літва даюць такі сігнал і Бруселю. Я б успрымаў гэта таксама, што калі не атрымліваецца праз юрыдычнае рашэнне прыняць гэта санкцыйным пакетам, то можна зачыніць і фізічна мяжу, ёсць падставы для гэтага. Польшча пастаянна сутыкаецца з праблемамі звязанымі з нацыянальнай бяспекай, рэжым Лукашэнкі падтрымлівае агрэсію супраць Украіны, рэжым Лукашэнкі пастаянна ўкідвае нелегальных мігрантаў. Толькі за апошні дзень 130 асобаў было накіравана з Беларусі ў Польшчу дзеля нелегальнага перасячэння мяжы. Праследуецца польская меншасць, закрываюцца польскія школы. Няма магчымасці так, як раней вывучаць польскую мову, знішчаюцца польскія могілкі. Гэта ўсё антыпольская палітыка, якая ставіць пад пагрозу і нацыянальныя інтарэсы Польшчы. Літва сутыкнулася з вялікай колькасцю прыкладаў парушэння санкцыйнага рэжыму. Гэта таксама дае падставы для Літвы дзейнічаць больш жорстка і прынцыпова. Мы лічым і мы падтрымліваем таму пазіцыю Польшчы і Літвы. Мы лічым, што гэта вельмі эфектыўны інструмент ціску на рэжым, але адначасова вельмі важна, пра што заявіла Польшча і Брусель, важна прыняць вельмі моцны дадатковы санкцыйны пакет на рэжым Лукашэнкі. Мы падтрымліваем пазіцыю Літвы, якая выступае супраць выключэння калійных угнаенняў санкцыйнай палітыкі ўведзены супраць рэжыму Лукашэнкі, бо гэта мільярды даляраў, якія пойдуць у кішэню Лукашэнкі, яго сям’і, а таксама на фінансаванне вайны, фінансаванне турмаў і рэпрэсіўнага апарату, які ажыццяўляе кантроль над Беларуссю.
З Паўлам Латушкам размаўляла наша карэспандэнтка Марына Савіцкая.
Беларускае Радыё Рацыя